У Палату прадстаўнікоў унеслі праект закона аб амністыі
Чакаецца, што па амністыі на волю выйдуць толькі некаторыя палітвязні / Ілюстрацыйнае фота — Новы час
У Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўнеслі праект закона аб амністыі. Адбылося гэта яшчэ на пачатку тыдня, але вядома стала толькі цяпер. Змест праекта закона пакуль невядомы.
З інфармацыі на сайце Палаты прадстаўнікоў вынікае, што законапраект рыхтуецца да першага чытання і знаходзіцца на разглядзе ў камісіі па нацыянальнай бяспецы.
У пачатку верасня генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што пад амністыю ў Беларусі трапіць не менш за 8 тысяч чалавек. Яе прымеркавалі да Дня народнага адзінства, які адзначаўся 17 верасня. Аднак з нейкіх прычын атрымалася затрымка. Пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "не гандлюецца людзьмі" з Захадам і нібыта ніколі гэтага не рабіў. "Той, хто павінен сядзець, будзе сядзець", — сказаў ён, відаць, намякаючы, што вызвалення вядомых палітвязняў чакаць не варта.
Папярэдні раз амністыя праводзілася ў Беларусі вясной 2020-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.