У Парыжы заявілі, што пакуль Лукашэнка працягвае рэпрэсіі, дыялогу не будзе
![У Парыжы заявілі, што пакуль Лукашэнка працягвае рэпрэсіі, дыялогу не будзе](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/s2.reutersmedia.net__0.jpg.webp?itok=4j0tUj7a)
17 студзеня ў Нацыянальным сходзе Францыі прайшлі слуханні па сітуацыі ў Беларусі. Як паведамляе assemblee-nationale.fr, на іх выступіў міністр замежных спраў Жан-Іў Ле Дрыян. Ён гаварыў пра тое, што Францыя патрабуе вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў (а іх лічба — амаль 1000 — уразіла прысутных), у тым ліку і журналістаў. Міністр падкрэсліў, што "пакуль [у Беларусі] працягваюцца рэпрэсіі і ідзе задушэнне грамадзянскай супольнасці, ніякага дыялогу з Лукашэнкам не можа быць".
Жан-Іў Ле Дрыян нагадаў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі не прызнаецца легітымным. Парыж, як і ўвесь ЕС, выступае за правядзенне ў нашай краіне "свабодных і празрыстых выбараў пад эгідай АБСЕ". Як вядома, Лукашэнка пра гэта і слухаць не хоча, займаецца падрыхтоўкай "канстытуцыйнага рэферэндума". У Францыі ж мяркуюць, што гэтае мерапрыемства будзе нагадваць прэзідэнцкія выбары 2020-га.
Міністр замежных спраў падкрэсліў, што Францыя працягне падтрымліваць беларускі народ і аказваць ціск на рэжым Лукашэнкі. Калі ж сітуацыя ў Беларусі будзе пагаршацца, улады Францыі падтрымаюць узмацненне санкцый супраць афіцыйнага Мінска. А пакуль у французскім парламенце была прынята рэзалюцыя, у якой асуджаюцца дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Францыя на сённяшні дзень з'яўляецца старшынёй Савета ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.