У першым туры прэзідэнцкіх выбараў у Францыі перамог Эмануэль Макрон
Цэнтрыст Эмануэль Макрон перамог у першым туры выбараў прэзідэнта Францыі з 23,75% галасоў, лідар крайне правага "Нацыянальнага фронту" Марын Ле Пен атрымала 21,53%. Новага прэзідэнта французы выберуць у другім туры, які пройдзе 7 траўня, паведамляе ВВС.
Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд неафіцыйна павіншаваў па тэлефоне Эмануэля Макрона, а кандыдаты, якія выбылі з далейшай барацьбы, заклікалі ў другім туры галасаваць за яго.
Упершыню ў гісторыі Пятай рэспублікі (з 1958 года) ні сацыяліст, ні правацэнтрыст не прайшлі ў другі тур. Кандыдат ад партыі "Рэспубліканцы", экс-прэм'ер Франсуа Фіён набраў 19,91% галасоў, а лідар руху "Няскораная Францыя" Жан-Люк Меляншон — 19,64%.
Кандыдаты, якія выйшлі ў другі тур, выступаюць на супрацьлеглых пазіцыях: Макрон — за свабодны міжнародны гандаль і за Еўрапейскі Саюз, Ле Пен — супраць глабалізацыі і хоча правесці ў Францыі рэферэндум па пытанні аб выхадзе з ЕС, накшталт "брексита".
Макрон — былы банкір і экс-міністр эканомікі Францыі пры прэзідэнце Аландзе. Для яго гэта першая выбарчая кампанія, і ў выпадку перамогі ў другім туры Макрон стане самым маладым прэзідэнтам Францыі. Выступаючы перад прыхільнікамі ў выставачным комплексе Porte de Versailles ў Парыжы, Макрон сказаў, што спадзяецца стаць "прэзідэнтам усіх патрыятычна настроеных жыхароў Францыі супраць пагрозы нацыяналістаў".
Даведаўшыся пра папярэднія вынікі першага тура, Ле Пен назвала сябе "народным кандыдатам".
"Першы крок зроблены", — заявіла яна. "Вынік гістарычны: Ле Пен і Макрон ў другім туры".
За прэзідэнцкае крэсла змагаліся 11 кандыдатаў. Чацвёрка асноўных прэтэндэнтаў ўяўляла самыя розныя палітычныя сілы краіны — ад ультралевых да вельмі правых.