У пірамідзе Хеопса знайшлі велізарны "Таемны пакой"
Інфаграфіка: ScanPyramids
Навукоўцы знайшлі пасярэдзіне самай буйной і самай старажытнай з Егіпецкіх пірамід — піраміды Хеопса — раней невядомае памяшканне. Яго ахрысцілі "Вялікай пустэчай": пакой даўжынёй каля 30 метраў і вышынёй каля 2 метраў знаходзіцца ў самым цэнтры, пад "дахам" піраміды.
Прызначэнне "Таемнага пакою" пакуль незразумелае. Незразумела таксама, што знаходзіцца ўнутры, ці ёсць там нешта каштоўнае, ды і наогул: адзін гэта пакой ці некалькі асобных памяшканняў — бо доступу да яго пакуль няма.
З пачатку XIX стагоддзя, калі ў эпоху напалеонаўскіх войнаў пачалося навуковае вывучэнне Егіпецкіх пірамід, гэта першая знаходка падобнага маштабу.
Знайсці пакой змаглі дзякуючы тэхналогіі мюоннай радыёграфіі, якая дазваляе сканаваць пароду і знаходзіць у ёй паражніны з дапамогай высокаадчувальнага радара — так званых касмічных прамянёў. Гэтым часам у пірамідзе Хеопса працуе група навукоўцаў з Егіпта, Францыі, Канады і Японіі, якія называюць сябе праектам ScanPyramids.
"Нам невядома, гарызантальна размешчаны гэты пакой ці нахілены, складаецца ён з аднаго памяшкання, ці іх некалькі, — распавядае BBC Мехдзі Таёбі з парыжскага інстытута HIP (арганізацыі, якая таксама займаецца даследаваннем пірамід). — Але мы дакладна ведаем, што ён там ёсць. Гэта ўражвае, бо ні адна тэорыя гэтага не прадугледжвала, наколькі я ведаю".