У Расіі касманаўтаў хочуць пераўтварыць у кібаргаў
У Расіі касманаўтаў хочуць пераўтварыць у кібаргаў. Некаторыя органы, якія могуць пацярпець пад уздзеяннем касмічнай прасторы (той жа радыяцыі), плануюць замяняць... штучнымі. Як піша газета "Известия", расійскія навукоўцы складуць праграму работ па ўдасканаленні чалавека для міжпланетных пералётаў. Да гэтага іх падштурхнула разуменне, што касмічны карабель не зможа забяспечыць поўную бяспеку экіпажу падчас працяглых палётаў. На далёкія планеты пашлюць не робатаў, а "ўдасканаленага" касманаўта.
Адзначаецца, што ў пералік перспектыўных работ, якімі зоймуцца ўстановы дзяржкарпарацыі "Роскосмос" і Федэральнага агенцтва навуковых арганізацый, увайшла кібаргізацыя — замена органаў чалавека штучнымі аналагамі, якія лепш перанясуць умовы космасу. На гэтую тэму ўжо рыхтуецца праграма. Расійскія навукоўцы падкрэсліваюць, што гэта не фантастыка, штучныя органы ўжо ствараюцца. Аднак спатрэбіцца яшчэ нямала часу. Таму кібаргізацыя — гэта тэхналогіі не заўтрашняга, а паслязаўтрашняга дня, адзначае выданне.