У Расіі на помніку загінулым савецкім воінам змясцілі выяву салдат NATO
У вёсцы Дыпкун Тындзінскага раёна Амурскай вобласці Расіі на помніку загінулым землякам-савецкім воінам змясцілі выяву салдат NATO. Як інфармуе amur.info, помнік адрамантавалі да 9 траўня. Мясцовыя жыхары абурыліся, калі пабачылі на ім чужых вайскоўцаў. Яны відавочна не адносяцца да часоў Другой сусветнай вайны.
"Прыехалі рабацягі-падрадчыкі, не ведаю, адкуль дакладна, — кажа дэпутат раённага Савета Валерый Вяцёлкін. — Зрабілі на гэтым мемарыяле дошку з жалеза і малюнак, які да Вялікай Айчыннай вайны не мае ніякага дачынення. Там намаляваныя салдаты NATO з амерыканскімі аўтаматамі".
Па словах дэпутата, мясцовыя жыхары абураныя. Ён звярнуўся ў дзяржінспекцыю па ахове аб'ектаў культурнай спадчыны Амурскай вобласці. Але высветлілася, што вясковы помнік не з'яўляецца аб'ектам культурнай спадчыны і не ахоўваецца дзяржавай. Таму займацца праблемай мусяць мясцовыя органы ўлады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.