У Расіі ўзяліся за мабілізацыю мігрантаў. Гэта можа закрануць і беларусаў

Мобилизация иностранцев в России

Мігранты з двайным грамадзянствам могуць трапіць пад мабілізацыю ў Расіі / ТАСС

У навагоднюю ноч паліцыя затрымала ў Санкт-Пецярбургу тысячы мігрантаў, каб набраць "добраахвотнікаў" на вайну. Пра аперацыю "Азамат" расказвае "Новая газета — Европа". Пакуль што гэта праблема для мігрантаў з Цэнтральнай Азіі, але ў перспектыве можа закрануць і беларусаў. Еўрарадыё публікуе скарочаную версію артыкула.

Як расказала крыніца "Новой — Европа", у цэнтры "Э" (Цэнтр па барацьбе з экстрэмізмам ГУ МУС па Пецярбургу і вобласці), усё пачалося ў жніўні 2023 года. У той час у Гатчыне (Ленінградская вобласць) затрымалі членаў злачыннай групоўкі, якія паставілі на паток выдачу ВНЖ і атрыманне грамадзянства Расіі. Тая праверка закранула не толькі афіцыйныя структуры, якія маюць дачыненне да афармлення дакументаў, але і месцы масавага пражывання мігрантаў. Падчас яе высветлілася, што незаконная міграцыя набыла ўзаконеныя формы, але нікуды не знікла.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расія прыняла законы, якія дазваляюць атрымаць грамадзянства больш лёгкім чынам. Масква разлічвала, што ўкраінцы, якія бягуць ад вайны ў тым ліку і ў РФ, масава пададуцца на чырвоны пашпарт.

Аднак грамадзян Украіны, якія жадаюць атрымаць расійскі пашпарт, знайшлося не надта шмат: усе, хто хацеў, зрабіў гэта з 2014 да 2022 года. Затое такіх аказалася нямала сярод жыхароў краін Цэнтральнай Азіі.

В России взялись за мобилизацию мигрантов. Это может коснуться и белорусов
Sefa Karacan / Anadolu Agency / Getty Images

Крыніца "Новой — Европа" ў ГУ МУС па Пецярбургу і Ленвобласці расказала, што пасля масавай праверкі мігрантаў у Гатчыне і Гатчынскім раёне, у жніўні 2023-га ў "глаўку" адбылася нарада, прысвечаная менавіта мігрантам.

— Я асабіста на нарадзе не быў, але, са слоў майго начальніка, там удзельнічалі прадстаўнікі ФСБ і Мінабароны, — расказаў "Новой — Европа" супрацоўнік Цэнтра "Э". — А праходзіла ж тая нарада акурат напярэдадні восеньскага прызыву і чутак пра другую хвалю мабілізацыі. Пуцін потым заявіў, што мабілізацыі не будзе, бо даволі шмат народу пайшло ў войска добраахвотна. Толькі вось гэтае "добраахвотна" надта перабольшанае.

Начальнік сказаў, што на Піцер прыйшла разнарадка набраць сем тысяч добраахвотнікаў. Але вайскоўцы сумняваліся, што набярэцца столькі. А тут такі падаруначак у выглядзе новых грамадзян РФ. Ці нават яшчэ не грамадзян, але тых, каго можна прымусіць падпісаць кантракт з Мінабароны.

Па словах крыніцы, "паляванне" на мігрантаў па месцах іх пражывання прызналі немэтазгодным. Даведаўшыся пра яго, патэнцыйныя "добраахвотнікі" маглі б альбо з'ехаць дадому, альбо канчаткова стаіцца, палічылі ў органах. Тады цэнтру "Э" даручылі збіраць інфармацыю пра месцы (не кватэры ці дамы, а цэлыя кварталы), дзе жывуць мігранты.

У нас усю гэтую аперацыю называлі "Азамат", — кажа крыніца. — Не ведаю, афіцыйная гэта назва ці не, але нашы ёй пастаянна карысталіся. На Каўказе гэтае імя азначае "гарачы хлопец", "хвацкі джыгіт". Уласна кажучы, ужо ў назве крыецца разгадка ўсёй аперацыі: не барацьба з незаконнай міграцыяй, а пошук "хвацкіх джыгітаў" для службы ў войску.

Беларус трапіў у расійскае войска. Яго сябар падазрае, што ён шле сігналы SOS

Начальнік учора вечарам сказаў, што наш вопыт у Маскве ацанілі станоўча і іншым рэгіёнам нас ставяць у прыклад, — кажа супрацоўнік Цэнтра "Э". — Так што цалкам магчыма, што "імігранцкія рэйды" цяпер будуць праходзіць у час любых святаў.

Матэрыял "Новой газеты — Европа" поўнасцю вы можаце прачытаць па спасылцы.

Як гэта можа закрануць беларусаў?

Спрошчаны парадак атрымання грамадзянства ў Расіі ўведзены ў тым ліку і для беларусаў, пра гэта раней пісала Еўрарадыё. Многія атрымліваюць яшчэ і расійскі пашпарт, каб вырашыць пытанні з легалізацыяй, працаўладкаваннем і пастаянным пражываннем.

Аднак у выпадку двайнога грамадзянства (напрыклад, беларускага і расійскага) кожная краіна лічыць чалавека менавіта сваім грамадзянінам. Гэта значыць, што мужчына з двума пашпартамі можа трапіць пад мабілізацыю ў РФ — і пайсці на вайну супраць Украіны. З пункту гледжання расійскіх уладаў, гэта будзе законна.

У першым паўгоддзі 2023 года грамадзянства Расіі атрымалі 4,5 тысячы беларусаў. Звестак па другім паўгоддзі пакуль няма.

"Гэта лепш, чым памерці": Што рабіць беларусу ў выпадку мабілізацыі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі