У Расіі затрымалі груз беларускай бульбы са Століна, якая аказалася егіпецкай
Расія можа абмежаваць пастаўкі беларускай бульбы. Такую верагоднасць не выключае Рассельгаснагляд. Прычына заклапочанасці маскоўскіх чыноўнікаў крыецца ў выяўленні чарговага дзіўнага груза з Беларусі. 30 сакавіка ў Себежскім раёне Пскоўскай вобласці расіяне праводзілі каранцінны фітасанітарны кантроль падкаранціннай прадукцыі. У грузавіку, на якім індывідуальны прадпрымальнік вёз са Століна 18 тон бульбы, была выяўленая прадукцыя з Егіпта. Гэта пацвярджала маркіроўка, якая часткова захавалася. Пры гэтым на груз быў афіцыйна выдадзены ў нашай краіне фітасанітарны сертыфікат.
Бульбу вярнулі ў Беларусь пад кантролем расійскіх інспектараў для таго, каб у адносінах парушальнікаў былі прынятыя адпаведныя меры. "У выпадку паўторнага выяўлення падобных выпадкаў Рассельгаснагляд будзе вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю бульбы харчовай паходжаннем Рэспубліка Беларусь у суправаджэнні беларускіх фітасанітарных сертыфікатаў", — пагражае расійскае ведамства.