У расійскім вышуку знаходзяцца больш за 3000 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі
Больш за 3000 беларусаў шукаюць у Расіі
Журналісты вывучылі базу вышуку МУС Расіі. Высветлілася, што ў расійскім вышуку сярод амаль 97 тысяч імёнаў лічацца і больш за тры тысячы грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі, піша "Медыязона". 89% з іх — мужчыны.
У вышук абвешчаны 61 беларус, звязаны з добраахвотніцкімі падраздзяленнямі ва Украіне. Сярод іх — Сяргей Дзегцеў і Ян Дзюрбейка, якія трапілі ў палон у чэрвені 2022 года. Таксама ў базе вышуку значацца ўжо загінулыя Павел Горбач і Эдуард Лобаў.
Ёсць у спісе прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык і Вольга Гарбунова. Расія абвясціла ў вышук экс-амбасадара Беларусі ў Аргенціне і сябра НАУ Уладзіміра Астапенку, а таксама Аляксандра Дабравольскага і Франка Вячорку — дарадцаў Святланы Ціханоўскай. Імя Ціханоўскай спярша было ў спісе на вышук, але потым знікла.
Журналісты знайшлі ў спісе супрацоўнікаў BELPOL Уладзіміра Жыгара і Мацвея Купрэйчыка, супрацоўніка BYPOL Станіслава Лупаносава, старшыню фонду "Беларускі дом у Варшаве" Алеся Зарэмбюка, стваральніка платформаў "Голас" і "Новая Беларусь" Паўла Лібера, экс-дыпламата Паўла Мацукевіча, заснавальніка BYSOL Андрэя Стрыжака, прэс-сакратара "Кіберпартызанаў" Юльяну Шаметавец, оперную спявачку і блогерку Маргарыту Ляўчук. Шукае расійскае МУС таксама рэдактара Nexta Сцяпана Пуцілу і былога супрацоўніка праекта Яна Рудзіка, блогера і экс-каліноўца Сяргея Бяспалава.
У Вышук у Расіі абвешчаныя як мінімум тры галоўныя рэдактары — Павел Свярдлоў з Еўрарадыё, Святлана Гарда з "Медыя-Палесся", Ігар Казмерчак з orsha.eu. Таксама ў базе вышуку ёсць дырэктар Malanka.Media Павел Марыніч і вядоўца Кацярына Ерусалімская, журналісты Яўген Валошын, Ганна Любакова, Алена Шабуня, пераможца World Press Photo Надзея Бужан, палітолаг Кацярына Шмаціна.
Сярод беларусаў, абвешчаных у вышук у Расіі, ёсць асуджаныя і палітвязні, якім удалося пакінуць краіну. Гэта аршанец Сяргей Парфёненка, музыкі Ігар Банцар і Аляксандр Багданаў (Папа Бо), былы кіраўнік банка ў Баранавічах Дзмітрый Максімчык, актывіст з Дуброўна Міхаіл Чамурака, валанцёрка фонду "Краіна для жыцця" Таццяна Астроўская, пратэстоўцы Уладзіслаў Усцін і Дзмітрый Кулакоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.