У агульнай "базе экстрэмізму" ўзаконяць найгоршыя стандарты краін — юрыст

Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

Беларусі і Расіі будзе нескладана зрабіць агульную "базу экстрэмізму", мяркуе юрыст Алесь Міхалевіч, спецыяліст па міжнародным прававым супрацоўніцтве ў крымінальных справах. Такі досвед у чыноўнікаў абеджзвюх краін ужо ёсць.

"Думаю, што з агульнай базай вялікіх праблем не будзе — гэта Беларусь з Расіяй ужо абкаталі на ўвядзенні сумеснай базы з забаронамі выездаў. Па выніках расіяне пад забаронай не могуць выязджаць праз Беларусь, гэтак жа і беларусы пад забаронай не могуць выехаць праз Расію", — прыводзіць "Наша Ніва" ягоныя словы.

Міхалевіч мяркуе, што ў такой базе будуць узаконеныя найгоршыя стандарты абедзвюх краін. Напрыклад, у Расіі "экстрэмісцкай" лічыцца ЛГБТ-супольнасць, а таксама карпарацыя Meta, якая валодае Facebook, Instagram і WhatsApp.

Пра планы стварэння адзінага "спісу экстрэмістаў", як распавядала Еўрарадыё, заявіў амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой. Па яго словах, ідэя ўжо не раз абмяркоўвалася на ўзроўні кіраўнікоў МУС Беларусі і Расіі.

Таксама Крутой заявіў, што могуць быць і агульныя крымінальныя справы. Маўляў, некаторых грамадзян дзівіць, што на беларускіх "экстрэмістаў", якія пераехзалі ў Расію, не пачынаюць там крымінальныя справы.

Міхалевіч мяркуе, што такія справы наўрад ці будуць магчымымі. Хіба што Беларусь юрыдычна апынецца ў складзе Расіі. Бо ў крымінальным праве, нагадвае ён, дзейнічае прынцып дзяржавы, дзе здзяйсняецца тое ці іншае злачынства. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі