У Салігорску вецер пашкодзіў дах школы (фота)
У Салігорску вецер пашкодзіў дах сярэдняй школы № 14, інфармуе прэс-служба МНС. Здарэнне адбылося паміж 17-й і 18-й гадзінамі ў нядзелю, 6 жніўня. У горадзе прайшлі моцныя залевы, на яго абрынуўся ўраганны вецер. Як адзначае сайт “Электронны Салігорск”, уздзеянне стыхіі працягвалася каля 15 хвілін. За гэты час вецер ламаў і вырываў з зямлі з карэннем дрэвы, пацярпелі некаторыя шыльды, балконныя рамы. Пра пацярпелых сярод людзей інфармацыі няма.
Ратавальнікі паведамляюць, што ў Мінскай вобласці моцным ветрам былі пашкоджаны дахі 15 будынкаў. Гэта згаданая школа ў Салігорску, жылы дом у Слуцкім раёне, 13 сельскагаспадарчых будынкаў у Старадарожскім раёне. Электрычнасць адключалася ў чатырох населеных пунктах.
Фота: esoligorsk.by