У "Сильных новостей" забралі ўсю тэхніку, Дзяніс Якштас асуджаны на 15 сутак
5 кастрычніка ў Гомелі ў рэдакцыі папулярнага рэгіянальнага інтэрнэт-выдання "Сильные новости" прайшоў ператрус. Як паведамляе gomel.today, сярод праваахоўнікаў былі два амапаўцы — нібыта баяліся супраціўлення. Ператрус праводзіўся з нагоды адміністрацыйнай справы галоўнага рэдактара Ганны Якштас. Яна і яе муж Дзяніс, супрацоўнік рэдакцыі, былі затрыманыя 3 кастрычніка за "ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве". Былі забраныя два ноўтбукі, некалькі тэлефонаў, флэшкі, блакноты.
У рэдакцыі кажуць, што на яе аказваецца ціск, пра што і сведчаць апошнія падзеі. Дзяніс Якштас у панядзелак быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Ганна Якштас і журналістка Надзея Пужынская, затрыманая 4 кастрычніка, знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў чаканні суду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.