У сталіцы знізіліся тэмпы будаўніцтва жылля для чаргавікоў
Тэмпы будаўніцтва жылля ў Мінску для чаргавікоў знізіліся: за 2015 год яго пабудавалі на 90 тысяч квадратных метраў меней, чым на год раней. Усяго для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, летась пабудавалі 315,3 квадратных метраў агульнай плошчы або 30,4% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы, у 2015 годзе пабудавана 14 689 новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 1 мільён 32,2 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што на 21,6% меней, чым у 2014 годзе.
Амаль дзве траціны жылля для чаргавікоў пабудавалі з выкарыстанне дзяржаўнай падтрымкі (192,1 тысячы квадратных метраў).
У мінулым годзе ў Мінску на будаўніцтва жылля выкарысталі 8 трыльёнаў 810,9 мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал, або 21,4% да агульнага аб’ёму інвестыцый і 66,9% да ўзроўню 2014 года.
Кіраўнік Мінгарвыканкама Андрэй Шорац раней заяўляў, што ў горадзе штогод будуць зніжацца аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва дзеля стрымлівання росту насельніцтва сталіцы. Замест гэтага будуць развіваць прыгарадныя раёны і гарады-спадарожнікі.