У Тайландзе расіяне выкралі і абрабавалі на $900 тысяч сямейную пару з Беларусі
Пацярпелыя беларусы
У Тайландзе расіяне выкралі і абрабавалі сямейную пару з Беларусі. Пацярпелых прымусілі перавесці на рахункі выкрадальнікаў крыптавалюту на суму больш за 901 тысячу долараў, пасля чаго Альберта В. і яго жонку адпусцілі, піша bangkokpost.com.
Здарэнне адбылося ў правінцыі Пхукет. Па справе праходзяць 5 грамадзян Расіі (ва ўзросце ад 29 да 37 гадоў), якіх абвінавачваюць у выкраданні, незаконным утрыманні і абрабаванні. Усе яны затрыманыя, прычым дваіх схапілі ў міжнародным аэрапорце пры спробе вылету ў РФ.
Зламыснікі не прызнаюць сваю віну. Аднак следства мае доказы іх віны. Вядома, што расіяне выкарысталі мікрааўтобус, якім спынілі беларусаў, якія ехалі па горадзе на матацыкле. Мужчыну і жанчыну схапілі, звязалі і кінулі ў мікрааўтобус. Іх утрымлівалі ў арэндаваным доме да таго часу, пакуль яны не выканалі патрабаванне аб пераводзе крыптавалюты.
Якім чынам грамадзяне Расіі даведаліся пра беларусаў і іх крыптавалюту, пакуль невядома. Грамадзяне Беларусі ў Пхукеце жылі са снежня мінулага года. Расіяне прыехалі пазней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.