У Тбілісі затрымалі 63 удзельнікаў пратэстаў супраць закона аб замежных агентах

Акцыя пратэсту ў Тбілісі 30 красавіка

Акцыя пратэсту ў Тбілісі 30 красавіка / RFE/RL

Падчас разгону акцыі каля парламента Грузіі былі затрыманыя 63 пратэстоўцы, пацярпелі шасцёра паліцыянтаў. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі са спасылкай на МУС Грузіі.

У Тбілісі працягваюцца пратэсты супраць прыняцця закона "Аб празрыстасці замежнага ўплыву" — аналагу расійскага закона "аб замежных агентах". Чарговая акцыя пачалася ўвечары 30 красавіка і працягвалася да раніцы 1 траўня. Сілавікі некалькі разоў спрабавалі разагнаць акцыю, але большасць пратэстоўцаў разышліся толькі каля 4-й гадзіны раніцы.

Пры разгоне сілавікі ўжывалі вадамёты, пярцовы і слезацечны газ. У выніку былі пацярпелыя, якіх везлі на хуткіх.

У МУС заявілі, быццам акцыя выйшла за законныя рамкі мірнага пратэсту і прыняла гвалтоўны характар. Тым часам грузінскі тэлеканал "Формула" паказаў кадры, як мужчына ў балаклаве, які стаяў поруч са спецназам, падыходзіць да аднаго з пратэстоўцаў і з сілай б'е яго ў твар.

Ёсць таксама відэазапіс, як лідара партыі "Грамадзяне" Алека Элісашвілі, які падышоў да спецназу з паднятымі рукамі, груба кідаюць на зямлю. Таксама падчас акцыі быў моцна збіты старшыня апазіцыйнай партыі "Адзіны нацыянальны рух" Леван Хабеішвілі.

1 траўня ў грузінскім парламенце павінна адбыцца галасаванне па скандальным законапраекце ў другім чытанні. Праціўнікі закона заявілі, што гатовыя працягваць пратэсты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі