У Віцебскай вобласці абвешчаны вайсковыя зборы
Войска ў Беларусі / БЕЛТА
11 жніўня ў Віцебскай вобласці пачнуцца вайсковыя зборы. Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Наталля Гаўрусік расказала Еўрарадыё, што гэта планавае мерапрыемства. На працягу года такія праходзяць ва ўсіх абласцях Беларусі:
"Я не ўдакладняла, але, магчыма, цяпер зборы праходзяць і ў іншых абласцях. Гэта не нешта экстраардынарнае або звышнатуральнае. Вось у Віцебскай вобласці яны пачнуцца 11 жніўня. Грамадзяне, якія пражываюць там, атрымаюць позвы".
Інфармацыя пра тое, што ў памежных з Расіяй раёнах Беларусі пачаўся прызыў рэзервістаў, напярэдадні распаўсюдзілася па тэлеграм-каналах. Згодна з дакументам, у ваенкамат трэба з'явіцца 10 жніўня. Аднак на позве стаіць паштовы штамп, датаваны 30-м ліпеня... 2007 года.
Вайсковыя зборы, на якія прызываюць вайскоўцаў запасу, з'яўляюцца рэгулярнай практыкай для беларускага войска. У Мінабароны Еўрарадыё растлумачылі, што абвяшчэнне збораў у Віцебскай вобласці яшчэ не азначае, што яны пройдуць тамсама. Людзей могуць адправіць у часці, размешчаныя па ўсёй тэрыторыі краіны.
"Ідзе зверка звестак, мабілізацыйных прадпісанняў, часам проста ўдакладняюць звесткі. Гэта ў прынцыпе не заўсёды азначае, што чалавек пойдзе на зборы. Гэта бягучая работа ваенкаматаў", — тлумачыць Наталля Гаўрусік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.