У Віцебску памёр студэнт медуніверсітэта з пацверджаным COVID-19
20-гадовы студэнт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту (ВДМУ) Арцём А. памёр 27 кастрычніка ў бальніцы хуткай дапамогі. Гэту інфармацыю Еўрарадыё пацвердзілі аднагрупнікі хлопца.
— Мы пачынаючы з мінулага тыдня сядзім групай на карантыне праз COVID-19. У нас бралі мазкі. У пятніцу Арцём даведаўся, што ў яго станоўчы вынік, — распавядае стараста яго групы Лада.
Па словах дзяўчыны, у хлопца не было асабліва ніякіх сымптомаў. Але ў панядзелак яго забралі на “хуткай” з болем у жываце. Дактары дыягнаставалі забрушынную гематому.
Шмат хто падумаў, што гэта магло быць звязана са збіццём падчас затрымання. Але сябры Арцёма А. сцвярджаюць, што хлопец не удельнічаў у пратэстных акцыях.
— Рабілі аперацыю, але раніцай [27 кастрычніка] ён памёр. Яго сябар, з якім ён у адной кватэры жыве, кажа, што яны нікуды не хадзілі, бо сядзелі на самаізаляцыі, — дадае Лада.
Студэнты ВДМУ актыўна выкарыстоўваліся ўладамі падчас веснавога выбуху COVID-19. Але студэнтаў Фармацэўтычнага факультэта, на якім вывучаўся хлопец, не адпраўлялі да кавідных хворых.
Дакладныя прычыны смерці і тое, наколькі яна звязаная з каранавіруснай інфекцыяй, цяпер высвятляецца. Еўрарадыё выказвае спачуванні сваякам і сябрам Арцёма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.