У выкрытай у Польшчы шпіёнскай сетцы былі беларусы і ўкраінцы — Rzeczpospolita
Шпіёнаў цікавіла заходняя дапамога Украіне / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У выкрытай у Польшчы шпіёнскай сетцы былі беларусы і ўкраінцы, піша газета "Rzeczpospolita", якая спасылаецца на свае крыніцы. Яны на заданне расійскай разведкі не толькі шпіёнілі, але і "рыхтавалі акты дыверсіі". "Людзі з расійскім грамадзянствам адразу кідаліся б у вочы, напэўна, таму былі завербаваныя прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў", — кажа суразмоўца выдання.
Пра затрыманне ў Польшчы дзевяці чалавек, якія падазраюцца ў шпіянажы на карысць Расіі, стала вядома 15 сакавіка. Польскі бок не заяўляў, грамадзяне якіх краін затрыманыя. Заяўлялася толькі, што гэта замежнікі "з-за ўсходняй мяжы". На наступны дзень прапаганда ў РБ паведаміла, што былі затрыманыя трое беларускіх грамадзян і назвала іх прозвішчы: Марыя Мядзведзева, Уладзіслаў Пасміцюха і Мікалай Маскаленка. Ім пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
Крыніца газеты "Rzeczpospolita" сцвярджае, што "шпіёнаў прыцягнулі грошы". У следства ёсць доказы, што яны іх перыядычна атрымлівалі ад расійскіх спецслужбаў.
Гэтыя людзі спрабавалі кантраляваць чыгуначныя маршруты на тэрыторыі Польшчы. Іх задачай было выяўляць, маніторыць і дакументаваць перавозкі зброі для Украіны. Выяўленыя дзясяткі ўсталяваных схаваных відэакамер.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.