У Залатурне адкрылі помнік Тадэвушу Касцюшку
21 кастрычніка ў швейцарскім Залатурне, дзе 200 гадоў таму знайшоў свой спачын нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША Тадэвуш Касцюшка, адбылося ўрачыстае адкрыццё яго помніка.
Манумент з’явіўся дзякуючы ініцыятыве Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі. Як паўсталі ідэя ўсталявання помніка і з якімі складанасцямі сутыкнуліся арганізатары, распавядае намеснік кіраўніка грамадскага аб’яднання Алесь Сапега:
“Ідэя паставіць помнік Касцюшку ўзнікла ў 2010 годзе. Першапачаткова гэтай справай займаўся колішні часова павераны Беларусі ў Швейцарыі Андрэй Кулажанка. У 2013 пры сустрэчы ў беларускай амбасадзе ён запрапанаваў беларускай дыяспары рэалізаваць гэтую ідэю, і было прынята рашэнне, што самая рэалістычная дата – гэта 2017 год, каб ўшанаваць памяць Касцюшкі на ўгодкі яго смерці.
За год да адкрыцця, у кастрычніку 2016 года, я сустрэўся з мэрам Залатурна спадаром Куртам Флуры, каб абмеркаваць тэхнічны бок, там я і запрапанаваў рабіць помнік супольна з палякамі. Пасля нашай сустрэчы з мэрам, 29 кастрычніка 2016 года дыяспара накіравала ліст у прадстаўніцтва польскай амбасады на імя польскага консула Паўла Яворскага. Адказ з прапановай сустрэцца мы атрымалі 23 ліпеня 2017 года, праз 8 месяцаў пасля нашага зварота ў польскую амбасаду, калі помнік ужо быў выраблены. Першая сустрэча ў польскім консульстве адбылася 14 верасня, за месяц да адкрыцця. Польскі амбасадар Якуб Кумох сказаў, што будзе з намі супрацоўнічаць на “роўных умовах”, але на польскіх урачыстасцях 15 кастрычніка адкрыцця помніуа Касцюшкі беларускай дыяспарай не будзе. І мы былі вымушаны шукаць іншую дату, з разуменнем таго, што польскага боку на нашых урачыстасцях можа і не быць.
Цешуся, што дзякуючы неабыякавасці беларусаў да гэтай сітуацыі, як з боку грамадскай супольнасці, так і з боку беларускага МЗС помнік атрымалася адкрыць. Безумоўна, шыльда не з такім тэкстам як планавалася першапачаткова, але кампраміс з мэрыяй Залатурна дасягнуты. Хто будзе бачыць гэты помнік — зверне ўвагу на тое, што Касцюшка важны і для беларусаў. Мы спадзяемся, што ў будучыні для Польшчы не будзе ўзнікаць пытанняў супольнай гістарычнай спадчыны.
Тое, што спадчына супольная, мы гэта падкрэслілі, калі на шыльдзе напісалі імя генерала ў польскай транслітарацыі, такое напісанне вядома ў Залатурне — так імя Касцюшкі напісана на шыльдах, плакатах, у музеі, на гарадскім помніку. Пра супольную спадчыну мы памяталі, калі запрашалі гасцей на мерапрыемства: запрашэнне даслалі прадстаўнікам консульстваў Польшчы, Літвы, ЗША, Беларусі, а таксама ганароваму консулу Беларусі ў Мюнхене, прадстаўніку беларускай міссіі пры ААН у Жэневе, дырэктарцы музею Тадэушу Касцюшкі на Мерачоўшчыне, а адкрываць помнік пагадзіўся мэр Залатурна”.
На цырымоніі прысутнічала каля сотні чалавек. Ад польскай амбасады прыбыў віцэ-консуль Мацей Клос. Ён зачытаў прывітальны ліст ад амбасадара Якуба Кумоха і перадаў ад яго прабачэнні за немагчымасць прысутнічаць. На адкрыцці помніка былі ўлады Залатурна, прадстаўнікі іншых замежных дыпмісіяў, а таксама дырэктарка музею Касцюшкі ў Марачоўшчыне Наталля Сушко.