У зняволеных Гомельскай жаночай калоніі спісваюць з рахункаў грошы на рамонт
Зняволеныя ПК-4 У Гомелі
У Гомельскай жаночай Папраўчай калоніі № 4 са зняволеных жанчын збіраюць грошы на пакупку гаспадарчага інвентару і рамонт. Пра гэта стала вядома праваабаронцам. З асабистых рахункаў спісваюць да 200 беларускіх рублёў.
Праваабаронцы адзначаюць, што ў беларускіх калоніях практыкуецца "перадача ў дар" будматэрыялаў, інвентару або бытавой тэхнікі, але ад бацькоў асуджаных. Такі "падарунак" афармляецца праз юрыста калоніі. Вязню ў гэтым выпадку абяцаюць паблажлівае стаўленне з боку адміністрацыі.
Але ў Гомельскай вырашылі спісваць грошы з асабістых рахункаў асуджаных. Гэта грошы, якія ім пераводзяць родныя для "атаваркі". Адразу некалькі крыніц пацвердзілі праваабаронцам, што жанчын-зняволеных "угаворваюць" пісаць заяву аб добраахвотным унёску. Матывуюць альбо абяцаннем палёгак, альбо пагрозамі санкцый. Напрыклад, могуць дазволіць пранесці дадатковыя прадукты харчавання пасля спаткання, ці, наадварот, замест трох дзён працяглага спаткання санкцыянуюць толькі адзін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.