У ЗША падтрымліваюць імкненне Украіны далучыцца да NATO
Джо Байдэн / wikimedia.org
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн патэлефанаваў ўкраінскаму прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму і распавёў, аб чым гаварыў з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным. Размова доўжылася паўтары гадзіны. З Пуціным Байдэн размаўляў 7 снежня, асноўнай тэмай была Украіна і нарастанне напружанасці на яе ўсходніх межах.
Падчас размовы з Зяленскім Джо Байдэн заявіў, што ЗША выступаюць за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Ён таксама распавёў аб сваіх словах Пуціну, што, калі Расія працягне ўварванне ў Украіну, ЗША і еўрапейскія саюзнікі "адкажуць рашучымі эканамічнымі мерамі". Акрамя таго, у гэтым выпадку ЗША "дадуць Украіне дадатковыя абарончыя сродкі і ўмацуюць саюзнікаў па НАТА на ўсходнім флангу дадатковымі магчымасцямі". Падрабязнасці паведамляе сайт Белага дома.
Са слоў прэс-сакратара Белага дома Джэн Псакі, Джо Байдэн "безумоўна падтрымлівае імкненне Украіны... далучыцца да альянсу" NATO. Пра гэта яна казала на брыфінгу пасля размовы Байдэна з Зяленскім, паведамляе "Голас Амерыкі". Аднак для таго, каб гэта адбылося, Украіна павінна адпавядаць патрабаванням, якія прад'яўляюцца да патэнцыйных чальцоў NATO, уключаючы барацьбу з карупцыяй, падкрэсліла Псакі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.