“У цэлым выконваецца”: Як праходзіць першы дзень перамір’я на Данбасе

Згодна з пагадненнем, падпісаным Парашэнкам і Пуціным, узаемныя абстрэлы паміж украінскімі вайскоўцамі і сепаратыстамі з “ДНР” і “ЛНР” павінны былі спыніцца з надыходам 15 лютага. Роўна апоўначы Пётр Парашэнка звярнуўся да нацыі з выступам, падчас якога загадаў камандуючым усімі войскамі спыніць вядзенне агню. І адначасова паведаміў, што “ў выпадку зрыву перамір’я сепаратыстамі, Украіна другую шчаку падстаўляць не будзе”. Парашэнка таксама дадаў, што Кіеў мае план дзеяняў на выпадак зрыву дамоўленасцяў, аднак пакуль не будзе яго агучваць.

Паведамленні аб зрыве перамір’я прыйшлі ўжо а 2-й гадзіне ночы. “З мінамётаў і артылерыі абстраляныя нашы пазіцыі непадалёк пасёлка Залатое, пад агонь варожай артылерыі трапілі нашы падраздзяленні непадалёк ад Чарнухіна, з АГС (станковы гранатамёт) і стралковай зброі абстраляны апорны пункт у раёне Санжароўкі, артылерыя суперніка вяла агонь па сілах АТО ля населенага пункта Папасная", — заявіў спікер Генштаба Узброеных сіл Украіны Уладзімір Селязнёў.

Не спыніліся паведамленні аб вядзенні абстрэлаў і ўдзень. “Перамір'е квітнее і пахне. Толькі што ў суседнюю хату прыляцелі дзве 120-мм міны. Чатыры 300-мм. Вінніцкі "Ягуар". Цяжкага забралі, лёгкі перавязаўся і адмовіўся з'язджаць ад таварышаў, двух кантужаных вязем у Арцёмаўскі шпіталь. Населены пункт каля пас. Луганскае. Назву не скажу, а то раптам "міратворцам" спадабаецца”, — паведамляе ў сацсетках камандзір батальёна “Данбас” Сямён Сяменчанка.

Прыходзяць паведамленні аб абстрэлах і з іншага боку. Расійскі канал “Лайфньюс” інфармуе, што па ілавайскай дыстанцыі электразабеспячэння адбыўся абстрэл з "Кропкі-У" ўкраінскіх сілавікоў. Як паведаміў замкамандуючага корпусам Мінабароны “ДНР” Эдуард Басурын, адбыўся выбух так званай касетнай, а не дынамічнай ракеты: “Выбух такой ракеты звычайна адбываецца на вышыні і паражальныя элементы спускаюцца на зямлю на стужках. Па шчаслівай выпадковасці ніхто не загінуў”.

У той жа час прадстаўнік Мінабароны “ДНР” Эдуард Басурын заявіў, што яго падначаленыя маюць права абстрэльваць Дэбальцава нягледзячы на перамір’е, таму што “гэты населены пункт знаходзіцца на тэрыторыі ДНР”.

Як з боку сепаратыстаў, так і з боку Генштаба УЗС Украіны прыходзяць паведамленні, што перамір’е пакуль “у цэлым выконваецца”.

“У цэлым сітуацыя на перадавой значна спакайнейшая, чым учора. Трымаю сувязь з ключавымі ўчасткамі фронту. Па стане на 14.30 сітуацыя такая: Станіца Луганская. Цішыня з 23.30 учорашняга дня. Але нашы ваяры не расслабляюцца. Чысцяць ствалы, рамантуюць тэхніку. Стан поўнай баявой гатоўнасці на выпадак раптоўнага ўдару. Бахмутка. Цішэй, чым было. Але перыядычна прылятае на 29 блокпост, у Ніжняе і Новаштокаўку. Краматорск. Ціха. Папасная. Там, мяркуючы па інфармацыі, якой я валодаю, даволі горача. Горад абстрэльваць баевікі з боку Бранка і Вергулёўкі. Дэбальцава. Усё ў напрузе. Але абстаноўка стабільная. Час ад часу чутныя разрывы мінамётных снарадаў, стралковая зброя”, — піша ў сваім фэйсбуку вайсковы карэспандэнт тэлеканала “Інтэр” Раман Бачкала.

У дадатак ўдзень 15 лютага становіцца вядома, што сепаратысты “ДНР” адмаўляюцца прапусціць у Дэбальцава адмысловую маніторынгавую місію АБСЕ. Члены місіі збіраліся трапіць туды праз падкантрольныя сепаратыстам тэрыторыі. Аб гэтым паведаміў міністр замежных спраў Украіны Пятро Клімкін.

Нагадаем таксама, што на вечар 15 лютага прызначаны разгляд украінскага пытання на паседжанні Рады бяспекі ААН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі