Удзельнікаў акцыі супраць міліцэйскага гвалту пакаралі штрафамі
Суд Ленінскага раёна Мінска 11 лютага разгледзеў адміністратыўныя справы шасці ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць гвалту з боку міліцыі.
Як паведамляе сайт spring.org, прадпрымальніка Алеся Макаева аштрафавалі на 50 базавых велічынь (10,5 мільёна рублёў), такім самым штрафам пакаралі актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага. Дзяніс Красачка павінен выплаціць 20 базавых велічыняў (4,2 мільёна рублёў), а пенсіянерка Ніна Багінская, якая не прыйшла ў суд, — 25 базавых велічыняў (5,25 мільёна рублёў).
Пратаколы, складзеныя на Наталлю Гарачку і Святлану Якшыну, накіравалі на дапрацоўку. Справы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, актывістаў Вольгі Маёравай і Мікалая Казлова будуць разглядацца ў судзе 16 лютага.
Акцыя салідарнасці са збітымі ў Фрунзенскім раённым судзе сталіцы грамадскімі актывістамі і журналістам партала TUT.by прайшла 30 студзеня каля будынку Вярхоўнага суда. Удзельнікі, якіх было 15 чалавек, таксама выступалі супраць міліцэйскага гвалту.