Украіна прадставіла сваю ўдзельніцу дзіцячага “Еўрабачання” ў Мінску (фота)
Раніцай 19 лістапада ў Мінск прыехала Дарына Краснавецкая — канкурсантка ад Украіны на дзіцячым “Еўрабачанні”, якое сёння адкрываецца ў сталіцы Беларусі. Дарыне 11 гадоў, 25 лістапада яна спяе на “Мінск-Арэне” песню “Say Love”.
У амбасадзе Украіны ў гонар дзяўчынкі зладзілі нефармальны прыём. Парады маладой спявачцы прыйшлі даць Ксюша і Арцём з NaviBand разам са сваім маленькім сынам Мацеем.
Пасля размовы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім падарыў Дарыне цукеркі (“салодкае любяць усе дзеці”) і ўручыў ёй і NaviBand медалі за ўмацаванне культурных сувязяў паміж беларусамі і ўкраінцамі. Музыкі “робяць значны унёсак у развіццё культурнай дыпламатыі і развіццё дружалюбных беларуска-ўкраінскіх адносін”, — адзначыў спадар Кізім.