Украінскі дэпутат: Нашы памежнікі самі павінны кантраляваць сваю мяжу
Беларусь гатовая зрабіць што заўгодна для спынення вайны на Данбасе — калі два бакі дамовяцца і папросяць Беларусь паўдзельнічаць у мірным працэсе. Пра гэта кіраўнік нашай краіны заявіў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх СМІ.
“Калі вы хочаце гэтыя 400 кіламетраў мяжы паміж Данбасам і Расіяй, паміж Украінай і Расіяй, на гэтым этапе закрыць, навесці парадак —калі ласка, мы гэта зробім. Калі вы гэтага хочаце”, — заявіў Лукашэнка.
Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Барыслаў Бяроза даволі скептычна ўспрымае прапановы беларускага кіраўніка
“Канечне, гэта недапушчальна — украінскія памежнікі павінныя самі кантраляваць сваю мяжу. Не, жаданне пахвальнае, але не можа быць рэалізаванае — гэта праўда. Я лічу, што спадару Лукашэнку неабходна засяродзіцца на праблематыцы Беларусі, а таксама дакладна ўсвядоміць, што апошнім часам уплыў Расіі на Беларусі занадта вялікі. Гэта паказвае нават галасаванне Беларусі ў ААН. Для пачатку Беларусі было б нядрэнна выйсці з-пад уплыву і кантролю Расійскай Федэрацыі, і тады ў перспектыве мы можам разглядаць і нейкія прапановы ад спадара Лукашэнкі”, — кажа палітык.
Калі гэта выключна беларуская ініцыятыва — адно, а калі Лукашэнка агучвае прапановы Крамля — зусім іншае, кажа палітолаг Пётр Алішчук.
“Калі ініцыятарам выступае Расія, гэта азначае, што яна шукае шляхі, каб максімальна выгадна для сябе выйсці з канфлікту на Данбасе”.
Пётр Алішчук пагаджаецца з дэпутатам ВР Барыславам Барозай: Кіеў будзе супраць беларускіх памежнікаў на сваёй мяжы і беларускага ЦВК — на Данбасе. Але калі нават дапусціць, што бакі пагодзяцца на прапановы Лукашэнкі, то хто гэтыя праекты будзе фінансаваць, задае пытанне эксперт.
З украінскім калегам пагаджаецца беларускі эксперт — кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
“Адна справа, калі гэта ваенная місія назірання, у якой бярэ ўдзел 10, 20 ці нават 100 афіцэраў. І зусім іншае — калі трэба будзе накіраваць некалькі тысяч чалавек, якія б узялі пад кантроль мяжу працягласцю 400 ці 600 кіламетраў. Для гэтага неабходна каля 4 тысяч чалавек. Пытанне першае: “Дзе іх узяць?” Другое — “Хто іх будзе ўтрымліваць?”
Да ўсяго, упэўнены Паротнікаў, ні ва Украіне, ні ў Расіі сёння асаблівага даверу да афіцыйнага Мінска няма, і таму ў бакоў “проста не знойдзецца палітычнай волі на тое, каб пагадзіцца на гэтыя прапановы Лукашэнкі”.