Украінскі эксперт: “Мінск”, як фармат перамоў, зайшоў у тупік — яго трэба мяняць
Даведка Еўрарадыё: Вадзім Трухан — украінскі дыпламат, эксперт па міжнародным і еўрапейскім праве, экс-дырэктар Каардынацыйнага бюро еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі, адзін з лідараў партыі “Сіла людзей”.
Еўрарадыё: 13 студзеня першы раз у новым годзе ў Мінску правяла пасяджэнне Кантактная група па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Удзельнікі заклікалі бакі тэрмінова абвесціць рэжым цішыні на святочны дзень, што, дарэчы, так і не было выканана, дамовіліся вызваліць 50 чалавек з абодвух бакоў з палону і пра нешта яшчэ нібыта. Але практыка леташніх дамоўленасцяў паказвае, што яны не выконваюцца. Ці ёсць сэнс у такіх перамовах?
Вадзім Трухан: "Мінск", як працэс урэгулявання, як фармат перамоў зайшоў у тупік. І цяпер ёсць два варыянта дзеянняў: альбо ўсё ж перайсці на новы фармат пры ўдзеле краін-гарантаў “Будапешцкага мемарандуму” плюс ААН і АБСЕ, альбо дасягнуць нейкага прамежкавага выніку ў выглядзе так званага “Мінска-3”, пра што цяпер кажуць. Усе палажэнні “Комплексу мерапрыемстваў па выкананні Мінскіх дамоўленасцяў” ад 12 лютага 2015 года не выкананыя, усе тэрміны пратэрмінаваныя. Таму, цяпер сітуацыя знаходзіцца ў падвешаным стане, і трэба выходзіць на новыя дамоўленасці, новыя фарматы.
Еўрарадыё: Але ж так званая “Нармандская чацвёрка” прыняла рашэнне працягнуць дзеянне “Мінска-2” на 2016 год — каб і далей спрабаваць выканаць пункты таго “Комплексу мерапрыемстваў”. Каго цяпер гэты дакумент не задавальняе, навошта шукаць нейкія новыя фарматы кшталту “Мінска-3”?
Вадзім Трухан: Тут сітуацыя неадназначная: “Нармандская чацвёрка” нібыта дамовілася, але канкрэтызацыі дамоўленасці няма. Больш за тое, 13-га студзеня была тэлефонная размова прэзідэнта Парашэнкі з канцлерам Германіі Меркель і прэзідэнтам Францыі Аландам, падчас якой гаварылася пра важнасць забеспячэння дэмакратычнай працэдуры выбараў на акупаваных тэрыторыях Данбаса і гэтак далей. Але ж ізноў — без канкрэтызацыі. Таму, на маю думку, трэба зыходзіць з таго, што існуючыя дакументы гібрыднага характару, якія складаліся і ўзгадняліся ў Мінску, яны не адыгралі сваю ролю. Адзіны плюс для Украіны быў у тым, што яны дазволілі атрымаць пэўны перапынак. Але праблема ў тым, што ні ў Расіі, ні ва Украіны на дадзены момант не вычарпаныя рэсурсы: ні Расія, ні Украіна не пацярпелі ваеннага паражэння. Адпаведна, ні ў рэжыму Пуціна, ні ва Украіны няма перадумоў для капітуляцыі. А ў сітуацыі, калі захоўваецца пэўны статус-кво ў сітуацыі ні вайны, ні міра, няма перадумоў для ўсеагульнага ўрэгулявання. Таму цяпер можна казаць выключна пра нейкія прамежкавыя дамоўленасці, якія маглі б дазволіць захоўваць перамір’е. Нават пры наяўнасці нейкіх перыядычных ваенных сутыкненняў, але без шырокамаштабных дзеянняў. Толькі праблема ў тым, што 12-га студзеня міністр абароны Расіі Шайгу аб’явіў пра шырокамаштабныя ваенныя вучэнні на мяжы з Украінай. Гэта сведчыць, што Расія не адмовілася ад ваеннага ўціску, ад ваеннага шантажу. У гэтай сітуацыі казаць пра нейкія дамоўленасці як мінімум наіўна.
Еўрарадыё: Прадстаўніком Расіі ў Кантактнай групе стаў Барыс Грызлоў, чалавек уплывовы і блізкі да Пуціна. Ці не азначае гэта, што “мінскім дамоўленасцям” спрабуюць надаць другое жыццё?
Вадзім Трухан: Не. Ёсць два варыянты аналізу сітуацыі. Першы — гэта сродак усыпіць пільнасць Украіны, Захаду і краін, што падтрымліваюць Украіну. Другі варыянт: гэта сведчанне таго, што Уладзімір Пуцін знаходзіцца ў цэйтноце. Фактычна, ён вядзе вайну супраць усіх: не толькі супраць Украіны, але ўцягнуўся ў сірыйскую авантуру і спрабуе стаць нароўні з такімі цяжкавагавікамі, як ЗША. Мэтаў сваіх ва Украіне ён не дасягнуў, не дасягнуў іх і ў Сірыі: не змог стварыць антытэрарыстычную кааліцыю на чале з Расіяй і не здолеў увайсці ў антытэрарыстычную кааліцыю на чале з ЗША. А ўтрыманне Крыма і Данбаса, фінансаванне вайны ва Украіне і Сірыі патрабуе вялікіх затрат бюджэту. Плюс — тэндэнцыя далейшага зніжэння коштаў на нафту. Сацыяльна-эканамічныя праблемы ў Расіі назапашваюцца і Пуціну тэрмінова патрэбны нейкі “прарыў”. Ён цяпер спрабуе ўпіхнуць Данбас на сваіх умовах ва Украіну, каб паказаць расійскаму грамадству, што ён з’яўляецца эфектыўным менеджарам і прэзідэнтам. Але гэтая авантура па ўпіхванні Данбаса на крамлёўскіх умовах Украіне праваліцца. І гэта прывядзе да пэўных патрасенняў у самой Расіі.
Еўрарадыё: “Мінск-2” ці “Мінск-3” — гэта ж не проста назва, а пакет прапаноў па ўрэгуляванні канфлікту, распрацаваны і ўхвалены і “Нармандскай чацвёркай”, і кантактнай групай?
Вадзім Трухан: Праблема ў тым, што мы маем справу не з класічным урэгуляваннем, а з гібрыдным, бо і вайна ў нас гібрыдная. Калі бяруць удзел у перамовах не афіцыйныя прадстаўнікі дзяржаў, а нейкія бутафорскія. Як у выпадку з Украінай: прэзідэнт Кучма не з’яўляецца ні дзеючым дыпламатам ці чыноўнікам. Больш за тое, і ў Парашэнкі, і ў Пуціна дастаткова кампрамату на Кучму. Таму казаць пра з’яленне ў выніку яго працы дакумента, які б прайшоў усе працэдуры, прадугледжаныя заканадаўствам усіх задзейнічаных бакоў, не даводзіцца. Можна казаць толькі, што ў існуючым фармаце “мінскага перамоўнага працэсу” можна выйсці на нейкі прамежкавы варыянт юрыдычна ні да чаго не абавязваючага дакумента, які будзе трактавацца бакамі у залежнасці ад іх інтарэсаў і патрэб.
Еўрарадыё: Але ж, каб сёння рэальна казаць пра “Мінск-3”, што трэба зрабіць?
Вадзім Трухан: Не трэба казаць пра “Мінск-3”, трэба казаць пра новы фармат перамоў. Для Украіны важна дамагчыся палітыка-дыпламатычнымі метадамі пераводу працэсу перамоў у фармат, дзе будуць браць удзел ЗША і Вялікабрытанія, плюс Кітай і Францыя, як краіны-гаранты па “Будапешцкім мемарандуме”, ААН і АБСЕ, плюс Еўрасаюз, як самастойны суб’ект міжнароднага права. З тым, каб дасягнуць усеагульнага ўрэгулявання, якое б паказвала і спосаб вяртання тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны па стане на люты 2013-га года, і графік ды ўзровень выплат рэпарацый з боку Расіі, як агрэсара, і спосаб прыцягнення да адказнасці ўсіх асоб, незалежна ад грамадзянства, якія могуць быць абвінавачаныя ў злачынствах супраць чалавечнасці і ў ваенных злачынствах. Пра гэты фармат сёння трэба казаць. А “Мінск-3” ці “4” — гэта прамежкавыя варыянты, скіраваныя на тое, каб пазбегнуць шырокамаштабных ваенных дзеянняў. А ў “мінскіх фарматах” не фігуруюць словы “Крым” і “Севастопаль”. Таму і “Мінск-3” не можа стаць ўсеагульным урэгуляваннем канфлікту: Крым і Севастопаль для Украіны — прынцыповае пытанне.
Праўда, я думаю, што пакуль Пуцін не гатовы да перамоў у фармаце, які прадугледжвае ўдзел ЗША, Вялікабрытаніі, ЕС. Але ў выпадку, калі санкцыі працягнуцца, кошт нафты будзе падаць, то ў бліжэйшым будучым у Пуціна не будзе іншага выйсця, як ісці на перамовы. Інакш у Расіі могуць надарыцца такія сацыяльна-эканамічныя праблемы, што рэжым Пуціна проста не ўстаіць.
Еўрарадыё: Перамовы з удзелам краін, пра якія выкажыце — яны могуць праходзіць у Мінску?
Вадзім Трухан: Месца правядзення перамоў не мае ніякага значэння: гэта можа быць Жэнева, Рэйк’явік ці Мінск. Важныя фармат і паветка дня перамоў.
Еўрарадыё: Гэта для вас не мае значэнне месца правядзення перамоў, а вось для Аляксандра Лукашэнкі!
Вадзім Трухан: Лукашэнка — адзіны чалавек, які атрымаў пэўныя бонусы ў выніку таго, што перамовы па праблемах у выніку агрэсіі Расіі пачалі праводзіць у Мінску. У выніку “Мінскіх перамоў” Лукашэнка ў пэўнай ступені легітымізаваўся: упершыню за апошнія дваццаць гадоў у Беларусі прысутнічалі лідары вядучых еўрапейскіх краін. І, безумоўна, Лукашэнка будзе зацікаўлены ў тым, каб менавіта ў Мінску праводзілася ўрэгуляванне гэтага крызісу. Але для Украіны месца правядзення перамоў не важнае.
Еўрарадыё: Адначасова з перамовамі ў Мінску 13-га студзеня прэзідэнты Украіны і Казахстана мелі тэлефонную размову. Гаварылі ў тым ліку і пра ўвядзенне міратворчага корпусу на Данбас. Ці не азначае гэта, што Назарбаеў спрабуе перахапіць у Лукашэнкі ролю міратворца ва ўкраінскім канфлікце?
Вадзім Трюхан: З пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў Украіны, узаемаадносіны з Казахстанам вельмі важныя. Але трэба ўлічваць, што прэзідэнт Назарбаеў не з’яўляецца топ-палітыкам на глабальнай арэне, ён не той чалавек, які вызначае павестку дня ў міжнародных адносінах. Таму, падчас двухбаковых перамоў паміж прэзідэнтамі Украіны і Казахстана размова будзе весціся выключна пра гандлёва-эканамічныя, гуманітарныя і гэтак далей сувязі з Казахстанам. Але прэтэндаваць на ролю міратворцы, ці чалавека, які здолее памірыць рэжым Пуціна з Украінай, Назарбаеву не даводзіцца.