Украінскі консул наведаў гомельскую калонію, тут утрымліваюць і палітзняволеных
Гомельская калонія
Украінскі консул у красавіку наведаў гомельскую жаночую калонію. Ён сустракаўся з грамадзянкамі Украіны, якія адбываюць там пакаранне. Пра гэта піша "Радыё Свабода" са спасылкай на сваякоў палітзняволеных, якія таксама ўтрымліваюцца ў гэтай калоніі.
Украінскаму дыпламату паказалі ўмовы, у якіх утрымліваюць асуджаных украінак. Ён таксама пагутарыў з імі. Гэтыя звесткі рэсурсу пацвердзіў і амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім.
"Наш консул з Мінска прыязджаў у тую калонію для сустрэчы з асуджанымі грамадзянкамі Украіны. Такая практыка існавала і раней", — адзначыў амбасадар. Ён нагадаў, што, згодна з правіламі, дыпламаты звяртаюцца з запытам, і "беларускія ўлады даюць (хоць і не заўсёды) дазвол на такія наведванні".
Паводле звестак праваабаронцаў "Вясны", станам на 15 красавіка ў гомельскай жаночай калоніі ўтрымліваюць 120 жанчын, прызнаных палітзняволенымі. Сярод іх — актывістка штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, праваабаронца "Вясны" Марфа Рабкова, журналістка "Белсата" Кацярына Андрэева, палітолаг Валерыя Касцюгова, актывістка АГП Вольга Маёрава і іншыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.