Амаль год Калеснікава знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі ў ПКТ — "Свабода"

Марыя Калеснікава, архіўнае фота

Марыя Калеснікава, архіўнае фота

Палітзняволеную Марыю Калеснікаву амаль год трымаюць у адзіночнай камеры ПКТ (памяшканне камернага тыпу). Пра гэта Радыё "Свабода" даведалася ад сваіх крыніц, якія маюць звесткі пра яе за апошні год.

Апошні ліст ад Калеснікавай сваякі атрымалі 15 лютага 2023 года. Пасля таго блізкія не маюць пра палітзняволеную ніякіх звестак.

Паводле суразмоўцаў "Свабоды", Марыю ўвесь час трымаюць у адзіночнай камеры ПКТ і ШІЗА. "Паводле закону, максімальны тэрмін знаходжання ў ПКТ — 6 месяцаў. Таму яе пераводзілі на некалькі дзён у ШІЗА — і адтуль зноў кінулі ў ПКТ", — кажа адзін з суразмоўцаў.

У ШІЗА (штрафны ізалятар) больш халодна і сыра, чым у ПКТ. Там не выдаюць матрац, падушку, коўдру, пасцельную бялізну і не даюць верхнюю вопратку. Спаць даводзіцца на голых дошках. Ад холаду і вільгаці пачынаюць балець суставы, распавяла журналістам жанчына, якая нядаўна вызвалілася з Гомельскай жаночай калоніі.

У лістападзе 2022 года Калеснікава трапіла ў рэанімацыю Гомельскага шпіталя хуткай дапамогі. Ёй зрабілі экстраную аперацыю: прабадная язва ўскладнілася перытанітам. Неўзабаве пасля гэтага Марыю перавялі назад у калонію, у медсанчастку. Там ёй дазволілі сустрэцца з бацькам.

Па словах суразмоўцы "Свабоды", праблемы са здароўем у палітзняволенай працягваюцца і цяпер: "Аперацыя не прайшла бясследна. Яна моцна схуднела. Перанесла некалькі прастудных захворванняў. У яе быў высокі ціск, але ёй адмаўляліся адразу даць лекі. Ды што там — не хацелі нават па яе просьбе памераць ціск, хоць яна настойвала".

Таксама суразмоўцы "Свабоды" расказалі, што Калеснікаву не выводзяць на працу, трымаюць у адзіночнай камеры. Зняволеныя жанчыны, якія траплялі ў ШІЗА, чулі яе голас: Марыя казала ахоўнікам пра тое, што кепска пачуваецца.

Марыя Калеснікава ў 2020 годзе была адной ў кіраўнікоў выбарчага штаба Віктара Бабарыкі, а потым — аб'яднанага штаба. У верасні 2020-га сілавікі спрабавалі яе выслаць з Беларусі, але на мяжы яна парвала пашпарт. У выніку Калеснікаву асудзілі закрытым судом на 11 гадоў, абвінаваціўшы ў "змове з мэтай захопу ўлады". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі