Родныя не атрымліваюць ніякай інфармацыі ад Марыі Калеснікавай ужо год
Марыя Калеснікава / Reuters
15 лютага спаўняецца год, як родныя палітзняволенай Марыі Калеснікавай не атрымліваюць ад яе ніякіх вестак. З тых часоў ніхто яе не бачыў і нічога пра яе не чуў, піша Associated Press са спасылкай на сваякоў.
"Я магу толькі маліцца, каб мая дачка была жывая, таму што адміністрацыя турмы ў Гомелі не дазваляе спаткання і не адказвае на мае лісты і просьбы", — сказаў агенцтву бацька Марыі Аляксандр Калеснікаў.
Нагадаем, у інфармацыйнай блакадзе аказаліся і многія іншыя вядомыя палітзняволеныя. Больш за год няма інфармацыі пра асуджанага на 14 гадоў Мікалая Статкевіча. З красавіка няма дакладнай інфармацыі пра Віктара Бабарыку, які рызыкнуў вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты ў 2020 годзе, быў затрыманы на старце кампаніі і асуджаны на 14 гадоў калоніі.
Марыя Калеснікава была адной з асноўных дзейных асоб выбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай. Сілавікі спрабавалі вывезці яе за мяжу, але яна адмовілася пакідаць Беларусь і парвала на мяжы свой пашпарт. У верасні 2021 года яе асудзілі на 11 гадоў калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.