Украінскі палітолаг пра справу Кучмы: Гэта проста абмен саступкамі

111214 Eurafokus.mp3

14 снежня Пячэрскі суд Кіева адмяніў пастанову аб распачацці справы супраць былога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы.

Яго вінавацілі ў перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, што прывяло да смерці журналіста Георгія Гангадзэ.

Удава журналіста Міраслава не згодная з такім рашэннем. Гаворыць яе прадстаўніца Валянціна Целічэнка:


“Я рыхтую апеляцыйную скаргу. Праўду кажучы ў мяне няма ілюзій аб тым, што апеляцыйны суд яе задаволіць. Я больш спадзяюся на касацыйны суд. Апеляцыйны суд горада Кіева – гэта якраз той суд, які цяпер разглядае скаргу абаронцаў Цімашэнкі адносна яе другога арышту. Гэта той суд, што ўжо не адзін раз прымаў відавочна незаконныя судовыя рашэнні.”


Таксама сярод варыянтаў – зварот у Еўрапейскі суд.

Думку пра тое, што рашэнне суда аб закрыцці справы супраць Кучмы сумнеўнае, выказаў і украінскі палітолаг Віктар Небажэнка. Ён мяркуе, што суддзя, не маючы сур’ёзных падставаў для вызвалення Кучмы, легкадумна спаслалася на рашэнне Канстытуцыйнага суда. Хутчэй за ўсё, былы прэзідэнт Украіны меў свае рычагі.

Віктар Небажэнка: “Гэта проста абмен нейкімі саступкамі. Кучма зрабіў штосьці добрае, задаволіў чыесьці фінансавыя фантазіі”.


Гэта можа сведчыць пра тое, што ў любы момнт гэтая ж улада можа адкрыць новую справу супраць Кучмы. Хаця ўжо зараз грамадства бачыць нестыкоўкі і незадаволенасць узрастае.

Віктар Небажэнка: “Справа супраць Кучмы выклікала рэзананс у тым сэнсе, што: як, калі супраць прэзідэнта можна так лёгка адкрыць крымінальную справу, то што могуць зрабіць з намі, і што гэта ўвогуле азначае? Але хутчэй за ўсё, рэзананс узнікае з-за юрыдычнай розніцы. Калі прэм’ер-міністр Цімашэнка па мала даказаных абставінах атрымлівае 7 год турмы, а прэзідэнт абыходзіцца лёгкім спалохам”.


Ды і справа Гангадзэ не закрыецца, лічыць палітолаг. Георгі Гангадзэ быў забіты ў 2000-ым годзе. Першае судовае паседжанне адбылося ў 2005. Сярод ахвяраў па гэтай справе - сам журналіст, міністр унутраных справаў, тры зніклыя міліцэйскія генералы, дзесяткі палкоўнікаў, некалькі чалавек сядзіць. Дзіўна было б, каб яе закрылі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі