Украінскія сілавікі штурмуюць Славянск (фота, відэа)

15.22 Украінскія сілавікі кантралююць палову Славянска


У ваколіцах горада яны ўзялі пад кантроль дзесяць блокпастоў.



Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Антытэрарыстычнага цэнтра пры СБУ, інфармуе сайт censor.net.ua.



Украінскія сілавікі заяўляюць, што баевікі шырока выкарыстоўваюць ваенных снайпераў, мабільныя атрады ў форме спецпадраздзялення "Беркут", а таксама фугасныя міны.



Мясцовыя жыхары баяцца, што дыверсанты атруцяць ваду ў мясцовым вадаправодзе. Але ў прэс-службе Данецкай абласной адміністрацыі кажуць, што ніякага ўмяшання ў працу падраздзяленняў КП "Вада Данбаса" не зафіксавана. Кантроль за якасцю вады ажыццяўляецца кожную гадзіну.
 

13.13. У Славянску злавілі чатырох баевікоў, якія маглі страляць па верталётах
 

Падчас яе баевікамі з дапамогай пераносных зенітна-ракетных комплексаў былі збітыя некалькі верталётаў, ёсць загінулыя і параненыя, адзін лётчык трапіў у палон. Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, украінскія сілавікі затрымалі чатырох баевікоў з блокпаста, адкуль маглі страляць па ўкраінскіх верталётах. Праводзіцца расследаванне.

Больш фота гл. тут.

12.45. Расійскія СМІ паведамляюць пра дэсант "Правага сектару" ў Славянску
 

Пасля таго, як украінскія сілавікі ўзялі пад кантроль ускраіны горада, пачалося зацішша. Ахвяры ёсць з абодвух бакоў. Антытэрарыстычны цэнтр СБУ Украіны запатрабаваў, каб баевікі склалі зброю.

РІА "Новости" паведамляе, што на ўскраіне Славянска, у раёне чыгуначнага вакзалу, прызямліўся верталёт, які высадзіў узброеных людзей. Яны, нібыта, апранутыя ва ўніформу з сімволікай "Правага сектару". Там ужо знаходзіліся каля 10 бронемашын і ўкраінскія вайскоўцы. Мясцовыя жыхары спрабуюць перашкодзіць прасоўванню сілавікоў.

Фота — instagram.com

11.59. Патрабаванні ўкраінскіх сілавікоў да баевікоў у Славянску


 

Украінскія сілавікі спрабуюць ліквідаваць адзін з цэнтраў прарасійскіх баевікоў. Падчас баёў у горадзе і яго наваколлі ёсць ахвяры з абодвух бакоў, збітыя некалькі ўкраінскіх верталётаў, падбітыя тры БТР сепаратыстаў.

Міністр унутраных спраў Арсен Авакаў напісаў у Facebook, якія патрабаванні Антытэрарыстычны цэнтр СБУ Украіны выставіў тэрарыстам. Гэта — неадкладная здача зброі, вызваленне ўсіх закладнікаў, вызваленне ўсіх захопленых будынкаў, спыненне беспарадкаў і пагромаў.

11.20. Тымчук: Украінскія сілавікі ловяць дыверсанта па мянушцы "Абвер"
 

Украінскія сілавікі цалкам заблакавалі горад, баевікі ўмацоўваюць свае пазіцыі ў цэнтры Славянска. З абодвух бакоў ёсць загінулыя і параненыя. Збітыя некалькі ўкраінскіх верталётаў, падбітыя тры БТР сепаратыстаў.

Кіраўнік Цэнтра вайскова-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук піша ў Facebook, што камандзір групы расійскіх дыверсантаў па мянушцы "Стралок" (на здымку) збіраецца прарывацца з горада. Ён перадаў камандаванне баевікамі іншаму расійскаму дыверсанту па мянушцы "Абвер", які знаходзіцца ў Горлаўцы. Але апошні адмовіўся ад прыняцця камандавання. "Абвер" сам збіраецца ўцякаць з Горлаўкі, на яго палююць украінскія сілавікі.  

Фота — instagram.com

10.54. У Славянку зацішша, колькасць загінулых украінскіх сілавікоў расце


 

Як паведамляе УНІАН, падчас абстрэлу баевікамі верталётаў Мі-24 Узброеных сілаў Украіны загінулі двое вайскоўцаў, яшчэ некалькі параненыя. Колькі дакладна верталётаў было збіта, не паведамляецца. Баевікі заявілі раней, што збілі тры ўкраінскія верталёты ды захапілі ў палон параненага ўкраінскага лётчыка.

Украінскі бок сцвярджае, што верталёты былі збітыя з выкарыстаннем пераносных зенітна-ракетных комплексаў. Яшчэ адзін верталёт армейскай авіяцыі атрымаў пашкоджанні, калі быў абстраляны са стралковай зброі, пацярпелых не было.

Тым часам, у Славянску зацішша. Украінскія сілавікі замацаваліся на ўскраінах горада, дзе ліквідавалі блок-пасты, атакаваць цэнтр горада яны не спяшаюцца. З'явілася інфармацыя, што касцяк групы баевікоў збіраецца прарывацца з горада. У цэнтры Славянска будуюцца новыя барыкады.

Фота — instagram.com

9.57. СМІ: Баевікі збіраюць у Славянску людзей — рабіць відэазварот да Пуціна

Пра гэта паведамляе Еспресо.TV, якое спасылаецца на радыёперахоп. Мяркуецца, што з дапамогай расійскіх журналістаў будзе запісаны зварот да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з просьбай аказаць падтрымку.

Як вядома, 2 траўня ўкраінскія сілавікі праводзяць у Славянску антытэрарыстычную аперацыю.  

Фота — instagram.com

9.32. СБУ: Верталёт над Славянскам збілі замежныя вайсковыя спецыялісты

Баі адбываюцца ўжо ў цэнтры горада, падбітыя тры БТР сепаратыстаў. Баевікі заявілі, што збілі тры верталёта. Украінскі бок пацвярджае толькі адзін.

Антытэрарыстычны цэнтр пры Службе бяспекі Украіны заявіў, што ў горадзе дзейнічаюць не мясцовыя "мірныя грамадзяне", а падрыхтаваныя высокакваліфікаваныя замежныя вайсковыя спецыялісты. Яны выкарыстоўваюць пераносныя зенітна-ракетныя комплексы.

Міністр унутраных спраў Арсен Авакаў таксама заяўляе, што ўкраінскім сілавікам даводзіцца весці баі з "прафесійнымі наймітамі". Ён паведамляе пра 9 ліквідаваных блокпастоў баевікоў, пра аднаго загінулага ўкраінскага лётчыка і некалькіх параненых. Паводле Авакава, тэрарысты вядуць агонь з шматкватэрных жылых дамоў.  

Фота — ria.ru

8.56. Тымчук: Тэрарысты будуць спрабаваць вырвацца са Славянска


 

Украінскія сілавікі пры падтрымцы верталётаў і бронетэхнікі ўзялі пад кантроль большую частку горада.

У тых раёнах, якія кантралююць баевікі, адбываецца "экспрапрыяцыя" асабістых аўтамабіляў мясцовых жыхароў. Кіраўнік Цэнтра вайскова-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук піша ў Facebook, што на ім баевікі могуць паспрабаваць вырвацца з заблакаванага горада. Тым часам, па яго звестках, "дробны крыміналітэт", прыцягнуты да тэрарыстычнай дзейнасці за грошы, пачынае разбягацца — яны не хочуць рызыкаваць сваім жыццём і ваяваць з украінскім спецназам.

Расійскія СМІ паведамляюць, што над Славянскам збітыя 3 украінскія верталёты.

Фота — instagram.com

8.26. Фотафакт: Захоплены ў палон паранены ўкраінскі пілот



Расійскія СМІ паведамілі пра 2 збітыя ўкраінскія верталёта Мі-24, украінскія крыніцы сцвярджаюць, што збіты адзін верталёт. З'явілася фота параненага ўкраінскага пілота, якога захапілі баевікі. Яго, нібыта, забрала "хуткая", паведаміў журналіст Аляксандр Коц. РІА "Новости" паведамляе, што пілот сур'ёзна паранены і знаходзіцца ў штабе баевікоў, дзе яму аказваюць меддапамогу.

Фота — instagram.com

8.14. Тымчук: Украінскія сілавікі ўзялі пад кантроль большую частку Славянска


Пасля вызвалення тэлецэнтра, былі ліквідаваныя ўсе блокпасты баевікоў.

Як піша ў сацыяльных сетках кіраўнік Цэнтра вайскова-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук, "асноўныя ачагі супраціўлення зафіксаваныя ў паўднёва-ўсходняй частцы горада". Ён паведаміў, што двума стрэламі з ПЗРК быў збіты адзін украінскі верталёт (а не 2, як паведамлялі баевікі).

Пакуль вядома пра аднаго загінулага і аднаго параненага.  

Фота — instagram.com

7.48. Над Славянскам каля 20 верталётаў
 

Камандзір "народнага апалчэння" горада Ігар Стралкоў (украінскія СМІ называюць яго афіцэрам расійскіх спецслужбаў) заявіў, што "над горадам... кружаць каля 20 верталётаў". Дадзеных пра забітых і параненых у яго пакуль няма.
 

07.21. Бой ідзе ўжо ў цэнтры Славянска, ёсць забіты і параненыя



Спачатку баі ішлі на ўскраінах, каля блокпастоў. Пасля таго, як баевікі адступілі, баі пачаліся ў цэнтры горада. Сепаратысты сцвярджаюць, што падбілі два верталёта Мі-24, захапілі аднаго пілота, яшчэ адзін загінуў. Былі падбітыя 3 БТР "самаабароны", інфармуе РІА "Новости". Украінскі бок пакуль не дае ніякай інфармацыі пра спецаперацыю.
 

Фота — Reuters

***

Паводле расійскіх СМІ, баевікі збілі над Славянскам два верталёта Мі-24, якія аказвалі падтрымку дэсанту. З украінскага боку пацверджання гэтаму пакуль няма. Баі ідуць каля блокпастоў і каля чыгуначнага вакзала. Украінскія сілавікі для прыкрыцця байцоў Нацыянальнай гвардыі выкарыстоўваюць БТР і БМД. У цэнтры горада пакуль спакойна.
 

Нацгвардыя Украіны ўжо вызваліла ад баевікоў тэлевізійны цэнтр. Дадзеных пра забітых і параненых пакуль няма.



Нагадаем, напярэдадні расійскія СМІ паведамілі, што на 2 траўня запланаваны штурм аб'ектаў, занятых баевікамі ў Луганскай і Данецкай абласцях. Аперацыяй мусіць кіраваць СБУ Украіны, планавалася выкарыстаць аддзелы Нацыянальнай гвардыі і іншыя фармаванні, складзеныя з украінскіх патрыётаў.
 

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі