Украінскія ўлады: Мазгавы даўно меў канфлікт з кіраўніцтвам “ЛНР”
А яго смерць стала вынікам перадзелу сфераў уплыву паміж прарасійскімі баевікамі.
У Адміністрацыі прэзідэнта Украіны звязваюць забойства аднаго з лідараў “ЛНР” Аляксея Мазгавога з міжусобіцай паміж сепаратыстамі на акупаваных тэрыторыях Луганскай вобласці.
Такую версію выказаў сёння на брыфінгу ў Кіеве прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта ў пытаннях АТА палкоўнік Аляксандр Матузняк, перадае УНІАН. Паводле яго словаў, нявызначаная дыверсійная група зладзіла засаду на Мазгавога, камандзіра батальёна “Прывід”. Аўтамабіль баевіка падарвалі, пасля чаго расстралялі з кулямётаў. Разам з Мазгавым загінула сама меней двое яго ахоўнікаў і жанчына, якая выконвала функцыі яго прэс-сакратара.
Прадстаўнік афіцыйнага Кіева пры гэтым адзначыў, што Мазгавы даўно меў канфлікт з кіраўніцтвам самаабвешчанай “ЛНР” і гэта не першы выпадак, калі ў выніку перадзелу сфер уплыву гінуць завадатары баевікоў.