Украіну бамбяць, але дамоў не пабягу: гісторыя беларускі, што засталася на вайне
Разбураны Ірпень і "Несмяротны полк" у Мінску
"Калі пачыналіся абстрэлы, хацелася бегчы ад страху куды заўгодна. Калі заканчваліся — разумела, што толькі не ў бок Беларусі", — расказвае Еўрарадыё Таццяна С., якой некалькі дзён таму ўдалося выехаць з разбуранага горада Ірпень пад Кіевам.
Беларуска перабралася ва Украіну пяць гадоў таму, пасля таго як выйшла замуж. Родныя адгаворвалі ехаць, маўляў, там жа вайна, але Таццяну гэта не спыніла.
"Вакол было ціха. Я сустракала шмат вайскоўцаў, але здавалася, што баі ідуць дзесьці далёка і нас гэта ніколі не закране", — успамінае суразмоўніца.
24 лютага 2022 года цішыню ў шмат якіх украінскіх гарадах парушылі выбухі і абстрэлы. Больш за два тыдні мірныя жыхары хаваюцца ў падвалах ад бамбёжак; то ратуюць, то хаваюць блізкіх. Увесь гэты час украінскія вайскоўцы разам з атрадамі тэрытарыяльнай абароны абараняюць свае землі ад расійскіх захопнікаў.
У інтэрв'ю Еўрарадыё Таццяна расказвае, як змянілася яе жыццё і чаму яна не спяшаецца вяртацца на "мірную" радзіму.
Еўрарадыё: Фатаграфія, на якой жыхары Ірпеня хаваюцца ад абстрэлаў пад узарваным мостам, абляцела ўвесь свет. Паводле апошніх звестак, у часе арганізаванай эвакуацыі ўдалося выратаваць 2000 чалавек, у тым ліку 200 дзяцей... Як выбіраліся з горада вы?
Таццяна: Мы з мужам выехалі 4 сакавіка. Напярэдадні ўвесь дзень побач з намі стралялі, вечарам снарады трапілі ў суседнія дамы. Сваёй машыны ў нас няма, да паўднёвага захаду Кіеўскай вобласці падвезлі знаёмыя, далей дабіраліся на спадарожках з двума заплечнікамі і сабакам. Цяпер пасяліліся ў вёсцы ў Чаркаскай вобласці, спрабуем наладзіць мінімальны побыт.
У Ірпені ўсё жахліва, наш раён захоплены. Мае суседзі 5 сакавіка ўцякалі праз акно першага паверха, праз паўгадзіны пад іх і нашымі вокнамі прайшлі танкі кадыраўцаў.
4 сакавіка мая сяброўка напісала, што ідзе ў падвал. Больш вестак ад яе не было. Тэлефон недаступны, і не ведаю, што з ёй і з яе мамай. Разумею, што калі яны і жывыя, то з ежай і вадой там няпроста. Горад застаўся не толькі без мабільнай сувязі, але без святла і газу. Ведаю, што з нашага дома з'ехалі ўсе, акрамя хлопцаў з атрада тэрытарыяльнай абароны. Тыя, хто ім дапамагалі, таксама з'ехалі.
Еўрарадыё: Як вы даведаліся, што Крэмль напаў на Украіну?
Таццяна: Прачнулася, пачытала ў навінах, што абстрэльваюць Кіеў. Мы выйшлі на вуліцу гуляць з сабакам. Людзі былі напалоханыя, ля аптэк і крамаў стаялі доўгія чэргі. З Кіева ехала шмат машын, былі заторы. Людзі з'язджалі. Знаёмыя, якія жывуць побач з Жулянамі, расказалі, што гудуць сірэны і абстрэльвалі проста каля іх дома.
Потым 24 лютага для ўсіх нас ператварылася ў адзін бясконцы дзень. Мы перасталі звяртаць увагу на даты, але, вядома, сачылі за падзеямі. Калі за вокнамі грымела не вельмі моцна, не рэагавалі, калі вельмі — беглі ў падвалы. Ва ўсіх дома стаялі сумкі з неабходнымі рэчамі, каб нейкі час можна было правесці ў падвалах. У той жа час мы не страчвалі сілы духу, спрабавалі нешта рабіць.
У горадзе працавалі атрады тэрытарыяльнай абароны, якія намагаліся падтрымліваць парадак. Разам з суседзямі мы патрулявалі частку нашага жылога комплексу, размяркоўвалі задачы, сачылі за тым, што адбываецца, аператыўна папярэджвалі людзей, каб ішлі ў прытулкі, не выходзілі на вуліцу ў цёмны час сутак.
Баі ішлі на выездзе з Бучы ў Ірпень, да гэтага — за гастомельскі аэрапорт. Праз некалькі дзён дакаціліся да нас. Усе масты, па якіх можна было дабрацца да Кіева, узарвалі. Аптэкі і крамы не працавалі. Не было транспартнай сувязі. Тым, хто застаўся ў Ірпені, заставалася толькі збіраць бутэлькі і потым дапазна круціць кактэйлі Молатава, каб абараняцца ад танкаў. Я ведаю, што гэтыя кактэйлі спатрэбіліся.
Наогул уражвае, наколькі людзі хутка самаарганізаваліся. Украінцы ўмеюць хутка рэагаваць на сітуацыю. Мае суседзі — паэт і журналіст, людзі, якія ніколі не ваявалі, хадзілі і патрулявалі вечарамі горад. Хтосьці ўзяўся за зброю. Тое, як мяняліся людзі ў першыя дні гэтай вайны, выклікала надзею.
Еўрарадыё: Як збіваліся атрады самаабароны?
Таццяна: Назіраючы за тым, як ля мяжы збіраюцца расійскія вайскоўцы і тэхніка, украінцы дапускалі, што можа пачацца вайна. За тры тыдні да ўварвання мясцовыя ўлады паведамілі, што ахвотныя могуць далучыцца да атрадаў тэрытарыяльнай абароны. Пасля пачатку вайны людзі ўжо самі праяўлялі ініцыятыву. Трэба было прыйсці ў патрэбнае месца, падаць дакументы і пачаць дапамагаць. А там атрымлівалася так, што нехта з суседзяў схадзіў, астатнія даведаліся — і па ланцужку.
Еўрарадыё: Былі людзі, якія казалі, маўляў, на фіг трэба?
Таццяна: Не, мы ўсе разумелі, што, калі не будзем змагацца, можам не выжыць. Былі проста людзі, якія з'ехалі з сем'ямі з горада. Але каб хтосьці казаў, што абараняць сябе — гэта дрэнная ідэя, такога не было.
Еўрарадыё: Сёння многія нагадваюць, што вайна ва Украіне доўжыцца з 2014 года…
Таццяна: Раней здавалася, што ўсё далёка. Многія знаёмыя, якія прыехалі з акупаваных тэрыторый так званых ЛНР і ДНР, расказвалі страшныя гісторыі пра тое, як з'язджалі. Тады я не магла ўявіць, што мы ўсе апынёмся ў сітуацыі, калі нашы дамы будуць абстрэльваць.
Еўрарадыё: Вы сачылі за палітычнымі падзеямі ў Беларусі ў 2020 годзе і пасля?
Таццяна: Вядома. Да пераезду ва Украіну я жыла ў Мінску. Яшчэ ў 90-х, быўшы студэнткай, выходзіла на мітынгі. Памятаю, як Лукашэнку спрабавалі вынесці імпічмент. Палітычная сітуацыя ў краіне пры ягоным кіраўніцтве мяне хвалявала і не задавальняла. Таму, вядома, я сачыла за тым, што адбывалася ў Беларусі і ў 2020 годзе. Чытаць пра тое, як мучаць, катуюць і забіваюць мірных беларусаў, было нязносна. З іншага боку — я не чакала, што столькі людзей выйдзе на вуліцы. Я разумею, што гэта быў вельмі смелы крок, бо ў Беларусі нейкае выказванне сваёй палітычнай пазіцыі, адрознай ад таго, што прапагандуецца, караецца даволі жорстка. Людзі мужна адстойвалі свае правы, і вельмі шкада, што не атрымалася дамагчыся справядлівых выбараў.
Еўрарадыё: Як ва Украіне рэагавалі на нашы пратэсты і іх разгоны? Ці змянілася стаўленне ўкраінцаў да беларусаў пасля 24 лютага?
Таццяна: Большасць тых, з кім я маю зносіны, падтрымлівалі пратэсты. Мы нават запісалі разам з сябрамі з Украіны песню ў падтрымку беларусаў. Але калі рабочыя не змаглі зладзіць агульную забастоўку, многія расчараваліся і сталі сумнявацца ў тым, што пратэсты будуць мець поспех.
Што да другога пытання, да звычайных людзей украінцы ставяцца нармальна. Але я разумею, што, калі беларусы пойдуць пакорліва ваяваць за Расію, скончыцца гэта ўсё вельмі дрэнна. Для нас вельмі важна не выконваць злачынныя загады.
Еўрарадыё: Усё жыццё нас спрабавалі пераканаць, што мы жывём у мірнай краіне, і вось такая гісторыя з Лукашэнкам, які заўсёды гатовы падтрымаць Пуціна, калі яго папросяць…
Таццяна: Я і раней разумела, што расказы пра мірнае неба — гэта прапаганда, а не тое, чым кіруюцца беларускія ўлады насамрэч. Тое, што адбываецца ў Беларусі з 2020 года, зусім не супадае з канцэпцыяй мірнай краіны. З году ў год наша залежнасць ад Расіі толькі ўзмацнялася. У выніку расійскія войскі, якія ідуць ва Украіну з нашай тэрыторыі, гэта ўжо не рашэнне Беларусі. Вядома, страшна, што Беларусь сталася ўцягнутая ў гэтую вайну з боку агрэсара.
Еўрарадыё: Што далей?
Таццяна: Цяжка будаваць планы нават на найбліжэйшы час. Зусім незразумела, што будзе заўтра. Пакуль думаем абараняцца, рабіць усё магчымае, змагацца, намагацца выжыць, дапамагаць адно аднаму. Мы бачым, што нашы вайскоўцы тут значна больш былі гатовыя да ўварвання, чым беларусы ў 2020 годзе, таму мы верым у нашу перамогу.
Еўрарадыё: Вы маеце зносіны са сваімі блізкімі з Беларусі?
Таццяна: Яны разумеюць, што тут адбываецца, і вельмі напалоханыя. Бацькі пажылыя, усяго баяцца. Але калі ў 2014-м мяне яшчэ неяк спрабавалі адгаварыць ад ад'езду ва Украіну, пасля 2020-га я ні разу не чула ад іх таго, што час вяртацца дадому. Думаю, яны зразумелі, што ў Беларусі не так усё і добра.
Сама я не была ў Беларусі больш за два гады. Калі пратэсты 2020-га былі задушаныя, людзей пачалі абсурдна арыштоўваць за нейкія зусім бяскрыўдныя рэчы, аж да шкарпэтак чырвона-белых колераў. Мне не хочацца прыехаць і апынуцца ў гэтай гнятлівай атмасферы страху і безнадзёгі. Я і раней калі прыязджала, разумела, наколькі ва Украіне адчуваеш сябе свабоднейшым. Памятаю, як яшчэ ў 2015 годзе ехала ў мінскім аўтобусе, нейкі мужчына паспрабаваў пагаварыць на тэму выбараў і на яго ўсе зашыкалі, бо баяліся. Цяпер стала яшчэ горш.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, што вы седзіце ў краіне, дзе ў кожны момант можна трапіць пад абстрэл або быць засыпаным цаглінамі абстралянага дома. Ідзе вайна, і пры гэтым вы ўсё роўна не хочаце вяртацца ў Беларусь? Парадокс…
Таццяна: У Беларусі страшна. Проста гэта не страх ад таго, што проста зараз здарыцца нешта жудаснае, а фонавы страх, у якім ты жывеш пастаянна і да якога абвыкаеш. Усяго баяцца, быць вельмі асцярожным, сачыць за тым, што ты і каму кажаш? У гэта не хочацца вяртацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.