Улады Беларусі рыхтуюцца да праблем з выплатамі заробкаў
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны рыхтуе праект указа пра сацыяльную падтрымку грамадзян у выпадку, калі пачнуцца праблемы з выплатамі заробкаў. Гэты праект трапіў у інфармагенцтва "Інтэрфакс".
Мяркуецца, што калі выплата заробку будзе затрымлівацца даўжэй, чым на 15 каляндарных дзён, "работнік мае права, апавясціўшы наймальніка ў пісьмовай форме за адзін дзень, прыпыніць працу на ўвесь перыяд да выплаты заработнай платы".
Пры гэтым работнік мае права не прыходзіць на працоўнае месца падчас прыпынення працы — праўда, і сярэдні заробак за ім на час такой адсутнасці не захоўваецца. Акрамя таго, у перыяд прыпынення працы работнікам дазволяць працаваць поўны дзень па сумяшчальніцтве.
Наймальнік жа павінен будзе паведаміць работніку пра дату выплату заробку не пазней, чым пра з два дні — з паведамленнем аб уручэнні. Тады работнік будзе абавязаны выйсці на працу на наступны ж дзень пасля поўнай выплаты заробку.
Аднак прыпыняць працу дазволяць не ўсім. Пералік выпадкаў, калі прыпыненне працы забароненае, вызначыць урад. На такіх прадпрыемствах работнікам будуць налічваць кампенсацыю — па 3% акладу за кожны працоўны дзень затрымкі.
Мяркуецца таксама, што Дэпартамент дзяржінспекцыі працы атрымае права атрымліваць ад банкаў звесткі аб выплаце заробку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.