Улады Егіпта закрылі пляжы каля Хургады пасля інцыдэнту з акулай
Пляж на Чырвоным моры / pixabay.com
Егіпецкія ўлады закрылі каля 80 кіламетраў берагавой лініі каля Хургады пасля гібелі ў Чырвоным моры маладога мужчыны. На яго напала акула. Пра гэта піша The Guardian. Пляжы застануцца закрытымі для турыстаў як мінімум да нядзелі.
Загінулы — грамадзянін Расіі, яму 23 гады. Ён не турыст, пастаянна жыў у краіне. У інтэрнэце з'явілася відэа меркаванага нападу. На кадрах відаць, як мужчына боўтаецца ў вадзе, а каля яго кружыць акула. Затым яна пацягнула яго пад ваду. Трывогу падняў выратавальнік з суседняга гатэля. Але дапамагчы хлопцу ўжо не змаглі. Ён загінуў.
Пазней міністэрства навакольнага асяроддзя Егіпта заявіла, што злавіла акулу і даследуе яе ў лабараторыі, каб паспрабаваць зразумець прычыны нападу. Выданне адзначае, што напады акул здараюцца ў прыбярэжных раёнах Чырвонага мора нячаста. Хоць толькі летась з інтэрвалам у некалькі дзён ад акул загінулі дзве жанчыны — грамадзянкі Аўстрыі і Румыніі. Гэтыя інцыдэнты таксама адбыліся недалёка ад Хургады. У Егіпет лётаюць і беларусы. Пасля ўвядзення санкцый і пачатку вайны гэтая краіна разам з Турцыяй застаюцца ці ледзь не адзінымі даступнымі варыянтамі адпачынку на моры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.