Уладзімір Зяленскі: жорсткія баі ідуць у прыгарадзе Херсона

Уладзімір Зяленскі: жорсткія баі ідуць у прыгарадзе Херсона

Уладзімір Зяленскі выступіў з відэазваротам наконт сітуацыі ва Украіне.

Па словах прэзідэнта, украінскія войскі на Данбасе дзейнічаюць выдатна. Вельмі складаным ён назваў харкаўскі кірунак. Але запэўніў, што сілы ў абароне горада надзейныя.

"Найбольш праблемная сітуацыя ў нас сёння на поўдні, нашы войскі вядуць жорсткія баі ў прыгарадзе Херсона. Вораг душыць з акупаванага Крыму, спрабуе прасунуцца ў бок Мелітопаля. На поўначы краіны вораг павольна прасоўваецца ў Чарнігаўскай вобласці, але там ёсць каму яго трымаць. Надзейная абарона пабудавана ў Жытомірскай вобласці. Варожы дэсант у Гастомелі блакуюць, войскі атрымалі загад на знішчэнне", — цытуе hromadske.ua словы ўкраінскага кіраўніка.

Зяленскі заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы знішчылі шмат расійскай авіяцыі і браніраванай тэхнікі. Ён прызнаў, што ёсць страты і сярод украінскіх вайскоўцаў, але не назваў іх колькасць. Расіянам, якія здаліся ў палон, украінскія лекары аказваюць дапамогу.

Украінскі прэзідэнт звярнуўся да расіян. Ён заклікаў іх выступаць супраць вайны з Украінай.

"Калі вы нас чуеце, калі вы нас разумееце, калі вы разумееце, што наступаеце на незалежную краіну, выходзьце на плошчы, звяртайцеся да свайго прэзідэнта. Мы ўкраінцы, мы на сваёй зямлі. Вы рускія, цяпер вашыя вайскоўцы пачалі вайну ў нашай краіне", — заявіў Зяленскі. Ён заклікаў расіян выказваць пратэст на вуліцах. а не толькі ў Інстаграме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі