Ураджэнка Беларусі выйшла ў фінал польскага конкурсу прыгажосці
Карона
Ураджэнка Беларусі Бажэна Варона выйшла ў фінал польскага конкурсу прыгажосці Miss Polonia, піша выданне MOST Media. Фінал шоу адбудзецца 28 чэрвеня.
Miss Polonia — польскі нацыянальны конкурс прыгажосці. Пераможца будзе прадстаўляць Польшчу на міжнародных конкурсах — "Міс Свету", "Міс Зямля", "Міс Гранд Інтэрнэшнл" , "Міс Інтэркантыненталь" і "Міс Зачараванне".
Кожная канкурсантка павінна падрыхтаваць сацыяльна значны праект. Бажэна працуе над падкастам пра псіхалагічнае здароўе "Oby do poniedziałku". Яе суаўтарка — польская псіхалагіня Агнешка Чайкоўска-Вендорф. А яшчэ беларуска вядзе праект, мэта якога — адрадзіць польскія песні 1950-70-х гадоў.
У Бажэны ёсць польскае грамадзянства, але яна родам з Ліды. Дзяўчына сцвярджае, што на сустрэчах, якія праходзяць у рамках конкурсу, яна часта расказвае пра Беларусь.
— Ліда — мой родны горад — ляжыць усяго за 40 кіламетраў ад Наваградка, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч. Мой дзядуля вучыўся ў адным класе з Чэславам Немэнам. Будучы фіналісткай, я стараюся развеяць стэрэатыпы пра нашу краіну і запрашаю ўсіх пасля конкурсу наведаць Беларусь, каб убачыць мноства цікавых месцаў.
Дзяўчына заканчвае ўніверсітэт і рыхтуецца абараніць дыплом па крыміналістыцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.