Услед за айцом Сяргеем Лепіным: яшчэ адна супрацоўніца сыйшла з інфаслужбы БПЦ
Таццяна Кузняцова (злева) разам з айцом Сяргеем Лепіным / З архіва Таццяны Кузняцовай
Супрацоўніца Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы звольнілася па меркаваннях сумлення. Так Таццяна Кузняцова выказала салідарнасць з айцом Сяргеем Лепіным — былым прэс-сакратаром БПЦ, які сыйшоў з інфармацыйнай службы ў канцы лістапада.
Прыблізна тады ж заяву напісала і Таццяна. Прайшоў месяц — і яе абавязкі перад працадаўцам вычарпаныя.
"Мой сыход абумоўлены салідарнасцю з а. Сяргеем Лепіным, звольненым з пасады прэс-сакратара Беларускай праваслаўнай царквы пасля смелага выказавання пра знішчэнне народнага мемарыяла Рамана Бандарэнкі, і немагчымасцю далей ісці на кампрамісы з сумленнем. Пра гэта я казала цалкам адкрыта, у тым ліку Экзарху", — піша пра сваё рашэнне Кузняцова.
На сайце Мінскай епархіі БПЦ Church.by яе імя дагэтуль ёсць у раздзеле "Кантакты". Таццяна Кузняцова ўказаная там як адна з супрацоўніц сайта.
"Гэта не было лёгка. Я сваімі рукамі забіла тое, што за 10 год стала значнай часткай майго існавання: стабільнасць, які-ніякі статус у вузкіх колах, магчымасць атрымліваць нармальныя грошы за працу галавой. Але… “якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць?” (Мф. 16:26), — працягвае Кузняцова. — Трэба аддаць належнае епархіі, якая развіталася са мной па-людску, нават больш за тое. Я ўдзячная мітрапаліту Веніяміну за лагоднае і тактоўнае стаўленне, за павагу да майго выбару. Удзячная епархіяльнаму сакратару айцу Андрэю Волкаву, якога наогул ведаю як вельмі прыстойнага чалавека. Удзячная вялізнаму мноству людзей.
Удых, выдых.
Сэрца б’ецца.
Я свабодная.
Хутка Раство".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.