"Усё, што вы зараз зачыталі, — хлусня": як дыджэя судзілі за песню "Перамен!"

Суд Цэнтральнага раёна / Еўрарадыё​
Суд Цэнтральнага раёна / Еўрарадыё​

Суд над Кірылам Галанавым і Уладзіславам Сакалоўскім — дыджэямі, якія 6 жніўня ўключылі ў Кіеўскім скверы песню "Перамен!", — праходзіць у анлайн-фармаце. Экран тэлевізара развернуты да сцяны: тыя, хто прыйшоў на пасяджэнне, не бачаць затрыманых хлопцаў, толькі чуюць гук.

За судом над Кірылам Галанавым сочыць журналістка Еўрарадыё Марыя Вайтовіч. 

“Всё, что вы сейчас зачитали, — ложь”: как диджея судили за песню “Перемен!”

"Максімальна непрыемна і зневажальна. Я спрабаваў звольніцца"

На дыджэя складзена два пратаколы. Першы — па артыкуле 17.1: "6 жніўня 2020 года Галанаў, знаходзячыся на пляцоўцы каля фантана Кіеўскага сквера, маючы намер на парушэнне грамадскага парадку, наўмысна сарваў правядзенне запланаванага святочнага канцэрта, што выявілася ў спыненні канцэрта".

Гэта пра тое, што замест бравурна-патрыятычнай музыкі, якую хлопец павінен быў ставіць падчас "Калейдаскопа творчасці" — Дня адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі, — ён уключыў песню "Перамен!" Віктара Цоя.

У другім пратаколе па артыкуле 23.4 сказана, што Галанаў аказаў супраціў пры затрыманні: "Катэгарычна адмаўляўся спыніць супрацьпраўныя дзеянні, спрабаваў уцякаць, пачаў упірацца, хапаў за адзенне, размахваў рукамі і паводзіў сябе абуральна — тым самым здзейсніў правапарушэнне". У міліцэйскім участку хлопца бачылі збітым — ён прыкладваў да твару бутэльку з вадой, каб паменшыць ацёк.

 

“Всё, что вы сейчас зачитали, — ложь”: как диджея судили за песню “Перемен!”

Кірыл Галанаў раней не прыцягваўся ні па адміністрацыйных, ні па крымінальных справах.

— Абсалютная хлусня. Усё, што вы зараз зачыталі, — абсалютная хлусня, — перабівае суддзю Галанаў.

Ён расказвае суду сваю версію падзей:

— Знаходзіўся там, мы ставілі гук. Там збіраліся сарваць мітынг Ціханоўскай. Паколькі мы там павінны ад Палаца дзяцей і моладзі ставіць гук, я разумеў, што зрываць будуць, па сутнасці, маімі рукамі. Максімальна непрыемна і зневажальна. Я загадзя спрабаваў дамовіцца з кіраўніцтвам, каб я не працаваў у гэтыя дні ці нават звольніцца.

Паводле яго слоў, ужо пасля свята ў краме іх злавілі нейкія мужчыны, пасадзілі ў машыну і павезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Ні ён, ні Сакалоўскі не супраціўляліся.

 

"Парушэнне ў выглядзе ўключэння музыкі"

Галанаў не прызнаў віну па артыкуле 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі). А наконт абвінавачання па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства) заявіў:

— Я лічу, што ўжо з 9:00 займаўся хуліганствам ад асобы Палаца дзяцей і моладзі.

У судзе выступае сведка — Сяргей Кімінчыжы, камандзір мінскага АМАПа. Ён расказвае, што па рацыі яму перадалі пра правапарушэнне:

— Мне паведамілі, што парушэнне здарылася ў выглядзе ўключэння музыкі. Мне далі арыенціроўку, у чым былі адзетыя. Што яны ходзяць па бульвары Шаўчэнкі. Я прыняў інфармацыю і паехаў шукаць. Убачыў, што яны павярнуліся і пачалі ад мяне бегчы.

— Гэта хлусня, — кажа Кірыл Галанаў.

— У чым выявілася непадпарадкаванне? — працягвае пытацца суддзя.

— Не хацелі залазіць у транспартны сродак, — апісвае правапарушэнне міліцыянер.

— Я бачу, што чалавек, які займае пасаду, хлусіць. Гэта сведчыць пра яго адчуванне беспакаранасці, — зноў уступае ў размову Галанаў.

— У вас ёсць пытанні да яго? — удакладняе суддзя.

— Так. Чаму вы хлусіце? Мы абодва ведаем, што гэта хлусня і я не супраціўляўся, — кажа затрыманы дыджэй.

— Гэта праўда, — пярэчыць Сяргей Кімінчыжы.

Далей суд адхіляе дзесяць хадайніцтваў адваката Сяргея Зікрацкага, які абараняе Галанава. У тым ліку — аб выманні запісаў з відэарэгістратара амапаўца.

Рашэнне суда будзе абвешчанае 7 жніўня ў 14:05. Кірыла Галанава пакаралі 10-цю суткамі адміністрацыйнага арышту. Крыху пазней на столькі ж сутак паехаў у ізалятар на вуліцы Акрэсціна Уладзіслаў Сакалоўскі.

Учора, 6 жніўня, кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская паведаміла пра тое, што ў парку Дружбы народаў няма магчымасці правесці сустрэчу з выбаршчыкамі: улады занялі яго для правядзення святочнага канцэрта, прысвечанага Дню чыгуначных войскаў. Замест гэтага яна паабяцала прыйсці ў Кіеўскі сквер — яшчэ адну пляцоўку, адведзеную для агітацыі. Там мінскія ўлады праводзілі Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі "Калейдаскоп творчасці".

Увечары ў Кіеўскім скверы сабраліся тысячы прыхільнікаў Ціханоўскай. Дыджэі, якія працавалі на свяце, уключылі песню "Перамен!" Віктара Цоя. Пасля мерапрыемства хлопцы былі затрыманыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі