Увесь рэгіён можа трапіць пад уплыў РФ і ПВК "Вагнер" — прэзідэнт Нігера
Прыхільнікі путчыстаў у Нігеры ўздымаюць расійскі сцяг / reuters.com
Зрынуты ваеннай хунтай прэзідэнт Нігера Махамед Базум апублікаваў тэкст у газеце The Washington Post. "Я пішу гэтыя радкі як закладнік", — так пачынаецца ён. Базум заклікае "ўрад ЗША і ўсю міжнародную супольнасць" дапамагчы яму аднавіць у Нігеры канстытуцыйны парадак. Ён папярэджвае, што ў адваротным выпадку ўвесь рэгіён можа трапіць пад уплыў Расіі і ПВК "Вагнер". І нагадвае, што раней вагнераўцы такім жа чынам прыйшлі ў Малі і Буркіна-Фасо.
"Жорсткія тэрарыстычныя метады [вагнераўцаў] былі наглядна прадэманстраваны ва Украіне", — адзначае Махамед Базум. Ён падкрэслівае, што, насуперак прапагандзе путчыстаў, дзякуючы дапамозе ЗША і Францыі жыццё ў Нігеры ў апошнія два гады стала значна больш бяспечным — тэрарыстычныя групоўкі амаль не нагадвалі пра сваё існаванне.
Базум — першы прэзідэнт Нігера, які перамог на дэмакратычных выбарах. Ён кіраваў краінай з 2021 года. Вайскоўцы адхілілі яго ад ўлады ў канцы ліпеня.
У Нігеры знаходзяцца вайсковыя базы Францыі і ЗША. Краіна з'яўляецца буйным вытворцам урану.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.