У сталіцы Нігера тысячы людзей скандавалі імя Пуціна: што адбываецца?

Акцыя прыхільнікаў хунты, якая захапіла ўладу ў Нігеры / AP  

Акцыя прыхільнікаў хунты, якая захапіла ўладу ў Нігеры / AP

 

 

Тысячы нігерыйцаў — прыхільнікаў хунты, якая захапіла ўладу ў краіне, — прайшліся па вуліцах сталіцы, Ніамэі, скандуючы імя Пуціна, размахваючы расійскімі сцягамі і праклінаючы Францыю — сваю былую каланіяльную метраполію. Пра гэта піша Associated Press.

Паведамляецца, што дэманстранты дайшлі да французскай амбасады і падпалілі дзверы. Войска Нігера іх разагнала.

Надоечы з заявай выступіла Супольнасць краін Заходняй Афрыкі (ЭКОВАС). Мяцежнікам фактычна аб'яўлена эканамічная і транспартная блакада. Яны маюць тыдзень, каб вярнуць да ўлады прэзідэнта Махамеда Базума, звергнутага 27 ліпеня. У адваротным выпадку блок можа прымяніць "усе меры", у тым ліку вайсковыя.

Прэзідэнцкая гвардыя Нігера затрымала прэзідэнта краіны Махамеда Базума раніцай 26 ліпеня. Па дадзеных СМІ, бунт гвардзейцаў пачаўся пасля таго, як кіраўнік краіны вырашыў звольніць камандуючага гвардыяй генерала Амара Тчыані.

Базум прыйшоў да ўлады ў 2021 годзе. Эксперты лічаць, што гэта была першая дэмакратычная перадача ўлады пасля атрымання незалежнасці ад Францыі ў 1960 годзе. З моманту заканчэння каланіяльнай залежнасці ў краіне адбылося чатыры ваенныя перавароты.

Мяцеж у Нігеры падтрымаў кіраўнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын.

"Падзеі ў Нігеры, дзе адбыўся ваенны пераварот, напрамую датычацца і Беларусі", — тлумачыць гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Паводле яго слоў, прэзідэнт Махамед Базум — апошняя апора Захаду ў гэтым афрыканскім рэгіёне. Ён цесна супрацоўнічаў з Парыжам і Вашынгтонам, а на саміт "Расія-Афрыка" дэлегацыя з Нігера зусім не паехала. У ААН Нігер паслядоўна падтрымліваў Украіну. А для Францыі былая калонія Нігер мае вялікае значэнне праз мясцовыя ўранавыя руднікі.

"І ЗША, і ЕС усімі сіламі спрабуюць прадухіліць звяргненне Базума. Калі ж яго рэжым усё ж такі ўпадзе, а ўлада — як у суседніх Малі і Буркіна-Фасо — апынецца ў руках вайскоўцаў, то існуе вялікая верагоднасць пераарыентацыі Нігера на Расію. У гэтым у выпадку часці "вагнераўцаў" могуць быць неадкладна адпраўленыя з Беларусі на "засваенне" афрыканскай дзяржавы", — лічыць Фрыдман.

Гісторык не выключае, што сённяшняя акцыя са скандзіраваннем імя прэзідэнта Расіі — падарунак Прыгожына Пуціну на саміт "Расія-Афрыка".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі