Узброеныя літоўскія памежнікі перасяклі мяжу Беларусі

Узброеныя літоўскія памежнікі перасяклі мяжу Беларусі

2 кастрычніка у Міністэрства замежных спраў Беларусі быў запрошаны амбасадар Літвы Андрус Пулокас. Як паведамляецца на сайце МЗС, літоўскаму дыпламату ўручылі ноту, у якой беларускі бок выказаў пратэст у сувязі з тым, што 28 верасня ўзброеныя літоўскія  памежнікі  парушылі мяжу Беларусі. 

Здарэнне адбылося ў пункце пропуску Катлоўка-Лаварышкес. Літоўскія памежнікі спрабавалі з ужываннем сілы затрымаць двух грамадзян Беларусі спачатку на літоўскай, а потым і на беларускай тэрыторыі. Пры гэтым узброеныя памежнікі перасеклі дзяржаўную мяжу Беларусі і зайшлі на тэрыторыю нашай краіны да 40 метраў.

Пабачыўшы, што да іх набліжаецца беларускі памежны нарад, літоўцы без тлумачэняў спехам вярнуліся на тэрыторыю сваёй краіны.

"Небяспечныя дзеянні ўзброеных літоўскіх памежнікаў адбыліся ў абстаноўцы напружанасці ў рэгіёне, шмат у чым створанай шматлікімі заявамі літоўскіх уладаў з нагоды вучэнняў "Захад-2017", якія пры гэтым не пацвердзіліся", — адзначае прэс-служба беларускага МЗС.

30 верасня з ініцыятывы беларускага боку адбылася працоўная сустрэча памежных упаўнаважаных Беларусі і Літвы. На ёй літоўскія прадстаўнікі прызналі інцыдэнт і прынеслі прабачэнні.

МЗС Беларусі чакае афіцыйных тлумачэнняў ад Літоўскай Рэспублікі. Таксама беларускія дыпламаты выказваюць надзею, што літоўскі бок прыме ўсе неабходныя меры для недапушчэння падобных інцыдэнтаў у будучыні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі