Ва Украіне пасля святкавання з напаўаголенымі танцоркамі звальняюць чыноўнікаў
Скандал здарыўся ў Херсонскай абласной дзяржадміністрацыі ва Украіне. Як паведамляе hromadske.ua, 10 сакавіка яе кіраўнік Юрый Гусеў падпісаў загады аб звальненні сваёй намесніцы Святланы Чапігі (гэтае звальненне трэба ўзгадняць з Офісам прэзідэнта Украіны) і кіраўніка апарату Уладзіміра Ключэўскага. Адхілены ад спраў Міхайла Лінецкі, кіраўнік упраўлення культуры, моладзі і спорту. Гэтых чыноўнікаў кіраўнік абласной дзяржадміністрацыі прызнаў вінаватымі ў арганізацыі святкавання 8 сакавіка ў сесійнай зале абласнога савета. Падчас яго выступалі музыкі з гурта "Стэп" з напаўаголенымі танцоркамі. Відэа гэтага святкавання адразу ж трапіла ў інтэрнэт.
Сам Гусеў быў толькі на афіцыйнай частцы святкавання. Канцэрт, які пачаўся пасля, ён ужо пабачыў на відэа. Яно яго ўразіла. Кіраўнік Херсонскай вобласці заявіў, што такое проста недапушчальна ў памяшканні абласной дзяржаўнай адміністрацыі. Ён прынёс прабачэнні за тое, што адбылося.
Музыкаў такая рэакцыя здзівіла. Яны кажуць, што працавалі "на грамадскіх пачатках", дык яшчэ і іх творчасць чыноўнікі не ацанілі. "Мы не паказалі нічога такога", — кажуць яны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.