Ва Украіне пасмяротна ўзнагародзілі беларускага добраахвотніка
Ва Украіне пасмяротна ўзнагародзілі беларускага добраахвотніка Змітра Апанасовіча (пазыўны "Тэрор"). Ён быў байцом беларускага батальёна (цяпер — полк) імя Каліноўскага і загінуў 26 сакавіка 2022-га ў баях за горад Ірпень пад Кіевам.
Апанасовіч узнагароджаны медалём "За баявыя заслугі". Дакументы яшчэ ў канцы траўня падпісаў начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў.
Зміцер Апанасовіч — ураджэнец Смаргоні, у Беларусі служыў у 38-й дэсантнай брыгадзе ў Брэсце. У апошнія гады жыў у Польшчы, працаваў дальнабойшчыкам. Яму было 32 гады.
У пятніцу Мінабароны Расіі заявіла, што ва Украіне загінулі 69 добраахвотнікаў з Беларусі (яны іх называюць "наймітамі"). Лічба фантастычная. На сённяшні дзень вядома пра 6 загінулых беларусаў. Акрамя Апанасовіча, гэта байцы беларускага палка імя Кастуся Каліноўскага Ілля Хрэнаў ("Ліцьвін") і Павел "Волат", а таксама трое загінулых беларусаў, якія служылі ва ўкраінскіх падраздзяленнях: Зміцер Рубашэўскі ("Ганс"), Аляксей Скобля ("Тур", пасмяротна ўзнагароджаны зоркай Героя Украіны) і Канстанцін Дзюбайла ("Фенікс").
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.