Ва Украіне за шпіянаж асудзілі беларуса, сваёй віны ён не прызнаў

Байцы СБУ затрымліваюць беларуса па абвінавачанні ў шпіянажы

Байцы СБУ затрымліваюць беларуса па абвінавачанні ў шпіянажы / t.me/SBUkr

Ва Украіне за шпіянаж асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі грамадзяніна Беларусі. Сваёй віны ён не прызнаў, назваў правакацыяй дзеянні "невядомых яму асоб, якія прапанавалі яму супрацоўніцтва". Каментуючы аўдыёзапісы размоў з імі, мужчына сказаў, што не быў іх ініцыятарам і не збіраў нічога забароненага. Аднак у рашэнні Зарэчненскага раённага суда Ровенскай вобласці адзначаецца, што беларус перадаваў інфармацыю аб перамяшчэнні, руху і размяшчэнні падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны на памежжы з Беларуссю, паведамляе Радыё Свабода.

Пра затрыманне грамадзяніна Беларусі СБУ паведаміла ў пачатку лета (само затрыманне адбылося 25 траўня 2023-га). Па яе версіі, яшчэ на пачатку шырокамаштабнай расійскай агрэсіі мужчыну завербаваў супрацоўнік КДБ. Беларуская спецслужба звярнула ўвагу на яго, як на былога камандзіра падраздзялення дэсантна-штурмавых войскаў часоў СССР (тады ён ваяваў у Афганістане).

Беларус нарадзіўся і жыў у Ровенскай вобласці. Летась яго прыцягвалі да адказнасці за "апраўданне і падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны": тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Цяпер жа справа значна больш сур'ёзная.

Па версіі мужчыны, у канцы лютага 2023 года да яго дадому прыяжджалі невядомыя асобы, якія прадставіліся супрацоўнікамі консульства Рэспублікі Беларусь. У часе размовы яны яго павіншавалі з днём вываду войскаў з Афганістана, далі яму 2 тысячы грыўняў (крыху больш за 50 долараў) і тэлефон чорнага колеру. Яму таксама паведамілі, што будуць тэлефанаваць, калі нешта спатрэбіцца. У красавіку-траўні такія размовы былі. Беларус расказваў тое, што яму вядома ад аднавяскоўцаў пра размяшчэнне сіл тэрытарыяльнай абароны і вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны.

У судзе ў якасці сведкі дапыталі брата абвінавачанага. Ён паведаміў, што той яму расказваў, як да яго дадому прыяжджалі "супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны, якія прадставіліся яму супрацоўнікамі беларускага консульства" і паабяцалі яму дапамагаць, а праз некаторы час яго брата арыштавалі. Па версіі ж СБУ, яны атрымалі інфармацыю пра кантакты жыхара Ровенскай вобласці "з колішнімі і дзейнымі вайскоўцамі Беларусі і Расіі", што ў далейшым пацвердзілася.

Ва Украіне за шпіянаж асудзілі беларуса, сваёй віны ён не прызнаў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі