Ва Украіне запрацаваў "рэестр педафілаў"
Ілюстрацыйнае фота / vedtver.ru
Ва Украіне запрацаваў так званы "рэестр педафілаў". Пакуль што ён функцыянуе ў тэставым рэжыме. У электронную базу даных унеслі інфармацыю пра 171 чалавека, якога пакаралі за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці дзяцей.
Намміністра юстыцыі Украіны Алена Высоцкая кажа, што звесткі пра гэтых людзей будуць захоўвацца ў базе і пасля таго, як яны адбудуць пакаранне. Маўляў, гэта дазволіць, напрыклад, засцерагчы навучальныя ўстановы ад таго, каб узяць "такога чалавека" на працу.
У рэестры змяшчаюцца імя і дата нараджэння асуджанага, яго адрас, інфармацыя пра злачынства і прысуд, пра тое, як ён адбываў пакаранне, а таксама пра парушэнні правілаў адміністрацыйнага нагляду. Вольна карыстацца гэтай базай змогуць толькі супрацоўнікі пракуратуры, органаў дасудовага расследавання, следчыя і іншыя ўпаўнаважаныя асобы паліцыі і Дзяржаўнага бюро расследаванняў.
Усім астатнім, каб атрымаць дадзеныя, трэба будзе рабіць запыт. Запыт павінен быць абгрунтаваны. А выключыць інфармацыю з рэестра можна, толькі па рашэнні суда: уласна пра выключэнне інфармацыі ці пра адмену прысуду.
Стварэнне рэестра крытыкуюць украінскія праваабаронцы. Яны называлі гэта здзекам з прынцыпаў права і здаровага сэнсу і параўноўваюць з сярэднявечным паляваннем на ведзьмаў, піша "Забарона".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.