Ва Украіне збіраюцца павысіць пенсійны ўзрост да 65 гадоў
Для мужчын і жанчын.
Міністэрства фінансаў Украіны плануе сэканоміць 4,3 млрд грывен (каля 275 млн долараў) шляхам павышэння пенсійнага ўзросту мужчынам і жанчынам да 65 гадоў. Таксама збіраюцца ўвесці абмежаванні на выплату пенсій пенсіянерам, якія працуюць. Як інфармуе УНІАН, такія людзі змогуць атрымаць толькі да 90% прызначанай пенсіі, але не менш за памер пражытковага мінімума, устаноўленага для асобаў, якія страцілі працаздольнасць.
Пра гэта гаворыцца ў рэкамендацыях па зменах у заканадаўства, якія падрыхтавала Міністэрства фінансаў Украіны, з мэтай аптымізацыі выдаткаў з дзяржбюджэту. Дакументам таксама прапануецца прыпыніць індэксацыю пенсій да стабілізацыі эканомікі Украіны. Мяркуецца, што гэта дасць эканомію ў памеры каля 2,8 млрд грывен (179 млн долараў).
Больш падрабязна пра планы ўкраінскага ўраду гл. тут.
Фота — ria.ru