Ва Узбекістане заявілі пра "серыю безадказных заяў" Лукашэнкі
Ва Узбекістане заявілі пра "серыю безадказных заяў" Аляксандра Лукашэнкі. Гэта рэха яго інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву, у якім было разважанне пра магчымае ўступленне Узбекістана з-за эканамічнай неабходнасці ў склад "саюзнай дзяржавы" РБ і РФ. Як паведамляе ria.ru, крыніца ў афіцыйных колах Узбекістана падкрэсліла, што заява Лукашэнкі "не адпавядае... духу і ўзроўню міждзяржаўных дачыненняў".
"Было б разумным паважанаму Аляксандру Рыгоравічу заняцца, перш за ўсё, сваімі няпростымі ўнутранымі і знешнімі праблемамі", — сказаў неназваны чыноўнік. І параіў не даваць ацэнку сітуацыі ў іншых краінах і каментаваць іх знешнюю палітыку. Крыніца падкрэсліла, што "Узбекістан як незалежная суверэнная дзяржава мае дакладнае бачанне сваёй будучыні" і будзе "працягваць ісці па шляху ўласнай стратэгіі нацыянальнага развіцця".
Раней падобная заява Аляксандра Лукашэнкі пра Арменію выклікала абурэнне ў Ерэване.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.