Вадзім Іосуб пра крыптабіржу: зарабляць на крыптавалютах ўжо позна

Вадзім Іосуб, Еўрарадыё
Вадзім Іосуб, Еўрарадыё

У Беларусі з'явілася першая крыптабіржа. Кампанію Currency.com зарэгістравалі ў Парку высокіх тэхналогій VP Capital Віктара Пракапені і Larnabel Ventures Саіда Гуцырыева. Цяпер беларусы могуць абменьваць грошы на крыптавалюты, а таксама прадаваць і купляць іх на тэрыторыі нашай краіны.

Чаму крыптабіржа запусцілася ў Беларусі менавіта цяпер, ці чакае яе поспех і для каго яна створаная, Еўрарадыё высвятляла разам са старшым аналітыкам "Альпары" Вадзімам Іосубам.

Еўрарадыё: Тэма крыптавалюты і ўсяго, што з гэтым звязана, пачала гуляць некалькі гадоў таму. Наколькі актуальна адкрываць крыптабіржу цяпер? Не падобна гэта на авантуру?

Вадзім Іосуб: Стварэнне крыптабіржы — гэта не столькі авантура, колькі спроба ускочыць у цягнік, які адыходзіць. Максімальная ўвага да гэтай тэмы была прыкаваная ў канцы 2017 года, калі кошт крыптавалют дасягнуў гістарычнага максімуму, пра іх пісалі не толькі на старонках IT-шных і фінансавых газет і часопісаў, гэта рабілі нават часопісы пра моду і спорт. Крыптавалюта была тым, што называецца хайп. Менавіта тады ў гэтую тэму можна было прыцягнуць максімальную колькасць грошай. З тых часоў крыптавалюты страцілі ў кошце ў 5-6 разоў, СМІ пішуць пра іх значна радзей. Тэма стала справай досыць вузкага кола інвестараў і гікаў. Мне здаецца, што зарабляць на крыптавалютах ўжо позна.

"Поспех падобнага праекта будзе залежаць ад колькасці замежных кліентаў"

Еўрарадыё: Некаторыя эканамісты сцвярджаюць, што крыптабіржа — гэта не больш чым схема па адмыванні грошай. Наколькі рэальна праз крыптабіржу нешта адмыць, тым больш у нашай краіне?

Вадзім Іосуб: Гэта досыць сур'ёзнае абвінавачанне, і яму павінны быць доказы... Пытанні канвертацыі крыптавалют ў фіатныя грошы і назад, пытанні канвертацыі крыптавалют ў фінансавыя актывы і назад у свеце адносяцца да высокарызыкоўнай сферы менавіта з пункту гледжання рызык адмывання. Беларускі праект, і гэта шматкроць паўтараецца, знаходзіцца пад рэгуляцыяй нашага Парка высокіх тэхналогій, але, як будзе дзейнічаць гэтая рэгуляцыя, наколькі яна можа зняць агучаныя рызыкі — практыкі яшчэ няма, і судзіць пра гэта складана.

Тэарэтычна, поспех падобнага праекта будзе залежаць ад колькасці замежных кліентаў, таму што на адным беларускім рынку, відавочна, праект не выедзе: рынак занадта бедны. А колькасць міжнародных кліентаў будзе залежаць акурат ад міжнароднага кансенсусу з нагоды гэтага праекта: наколькі лёгка ці, наадварот, складана, грамадзяне іншых краін змогуць пераводзіць грошы на гэтую пляцоўку з выкарыстаннем карт або іншых сістэм грашовых пераводаў. Цяпер грашовыя сістэмы робяць больш жорсткімі ўмовы пераводаў грошай на падобныя платформы як раз у сувязі з рызыкамі адмывання. Калі ў дадзеным выпадку падыход апынецца жорсткім, для пераводаў з’явяцца перашкоды — ужо толькі па адной гэтай прычыне праект можа не ўзляцець.

 Вадим Иосуб о криптобирже: зарабатывать на криптовалютах уже поздно
currency.com

"З'яўленне крыптабіржы ў Беларусі і праблемы Forex у Расіі ніяк не звязаныя"

Еўрарадыё: У праекта — расійскія партнёры. Тое, што ён з'явіўся менавіта цяпер, не звязана з праблемамі Forex у Расіі?

Вадзім Іосуб: Сувязі тут ніякай няма па адной простай прычыне: праблемы Forex у Расіі пачаліся пару тыдняў таму, а каб запусціць праект крыптабіржы, патрэбны як мінімум год.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што ў 2017 годзе, калі крыптавалюта была хайпам, беларусы і вырашылі зрабіць гэты праект...

Вадзім Іосуб: Падчас крыптавалютнага хайпу трэба было зарабляць, а не задумвацца, як зарабіць. Зараблялі тыя, хто пра гэта падумаў значна раней.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што крыптавалютная біржа — гэта асабісты праект незалежнага прадпрымальніка Віктара Пракапені або пад яго маркай хаваецца дзяржаўны ІТ-праект?

Вадзім Іосуб: Любыя дзяржструктуры даволі кансерватыўныя, каб спрабаваць такім шляхам зарабляць грошы. У апошнія гады перыядычна гучала, што тая ці іншая краіна менавіта на ўзроўні дзяржавы будзе спрабаваць зарабіць на крыптавалюце, тэхналогіях блокчэйн. Далей за ўсіх у гэтым пытанні зайшла Венесуэла, якая выпусціла ўласную крыптавалюту петра. Але ні пра якія фінансавыя поспехі гэтага праекта не чуваць. Мне здаецца, што гэта больш справа венчурных інвестараў, якія думаюць: "Укладзем грошы, раптам, выпадкова заробім". А для дзяржавы і асабліва для маштабу дзяржаўных грошай гэта не вельмі сур'ёзна.

"У беларусаў мала рэальных грошай, а крыптавалюты яшчэ менш"

Еўрарадыё: Для каго створаная беларуская крыптабіржа? Дапусцім, віртуальны я намайніў сабе дзве крыптаадзінкі — магу я з імі пайсці на гэтую біржу?

Вадзім Іосуб: Так, хоць сказана, што працэс рэгістрацыі будзе паступовым. Любы беларус пры жаданні на гэтую біржу трапіць можа. Але я не ўпэўнены, што задумка арганізатараў гэтай біржы была ў тым, каб прыцягнуць да яе грамадзян нашай краіны. У нашых суграмадзян на руках мала грошай, якімі яны гатовыя рызыкаваць на фінансавых рынках, тым больш за гэтыя грошы ў нас канкуруюць розныя банкі і Forex-кампаніі. Крыптавалюты ў нашых суграмадзян яшчэ менш, чым грошай. Думаю, што першапачаткова праект быў задуманы як міжнародны, разлічаны на прыцягненне грошай міжнародных інвестараў. Але наколькі гэта будзе паспяхова, наколькі які-небудзь патэнцыйны інвестар з ЗША будзе гатовы даверыцца фірме, што рэгулюецца беларускім ПВТ? Бо ён не ведае, што значыць гэтая абрэвіятура, і для яго не відавочна, што беларускай крыптабіржы можна даверыцца. Поспех або няўдача праекта будзе залежаць ад поспеху на міжнароднай арэне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі