Валерый Карбалевіч: Каб байкот адбыўся, трэба, каб галасы лічылі

“Улада шмат чаму навучылася за 12 гадоў”

Еўрарадыё: Гэтая парламенцкая кампанія нечым адрозніваецца ад ранейшых, альбо не?

Валерый Карбалевіч: Вядома, кожная кампанія мае свае асаблівасці, бо праходзіць у сваім гістарычным кантэксце. Уплыў аказваюць самыя розныя палітычныя чыннікі. Напрыклад, парламенцкія выбары 2000 году былі першымі па новай Канстытуцыі. Тады апазіцыя арганізавала байкот. 2004 год быў характэрны тым, што адначасова адбываўся рэферэндум, на які было выстаўленае пытанне аб дазволе балатавацца Лукашэнку на сваю пасаду неабмежаваную колькасць разоў. У 2008 годзе быў перыяд дыялогу паміж Беларуссю і ЕС. Тады было важна, якую ацэнку выбарам дасць Еўрасаюз. Гэта наклала адбітак на ход кампаніі, хоць вынікі і засталіся тымі ж.

Што тычыцца гэтай выбарчай кампаніі, то яна праходзіць пасля падзей 2010 года, калі краіна пайшла зусім у іншы бок ад лібералізацыі, калі ўзмацніліся рэпрэсіі, калі сілавая кампанента ў дзейнасці палітычнага рэжыму моцна ўзмацнілася. Канфлікт з Еўропай прывёў да таго, што прызнанне выбараў Захадам ужо не мае такога значэння, як раней. Эканамічны крызіс прывёў да таго, што падтрымка грамадствам дзейнай улады значна зменшылася. Упершыню ў гісторыі мы маем сітуацыю, калі колькасць людзей, якія падтрымліваюць уладу, меншая за колькасць  тых, хто ўладу не падтрымлівае. Тактыка апазіцыі на выбарах стала такой, што адбыўся яе раскол на тры часткі.

Еўрарадыё: Спрэчкі ў апазіцыі вяліся ў асноўным вакол тактыкі байкоту выбараў. Сёлета байкот нечым адрозніваўся ад байкоту ранейшых выбараў, альбо не?

Валер Карбалевіч: На маёй памяці былі дзве кампаніі байкоту — кампанія 2000 году і сёлетняя. Усё астатняе было, хутчэй, разважаннямі, чым кампаніямі. Тады, у 2000 годзе, усё ж кампанія байкоту была больш арганізаванай. Апазіцыйныя сілы былі больш кансалідаваныя. У выбарах удзельнічала толькі невялікая частка апанентаў улады.

Сёлета мы бачым раскол. Адзінства, кансалідацыі няма. Ёсць тры групы апазіцыйных сілаў, якія прапаноўваюць свае варыянты. За гэтыя 12 гадоў выбарчая машына ўладаў стала больш эфектыўнай, больш арганізаванай. Яна працуе фактычна без збояў. Калі ў 2000 годзе ўлады пагадзіліся з тым, што ў некаторых акругах выбары не адбыліся, то сёння гэта немагчыма ўявіць. Машына дае той вынік, які патрэбны ўладам, незалежна ад рэальнага галасавання.

Увогуле, калі гаворым пра кампанію байкоту, то трэба разумець, што гэта не байкот у класічным выглядзе. У Беларусі гэта немагчыма. Каб адбыўся рэальны байкот, трэба, каб галасы лічылі. І калі па выніках падліку галасоў высвятляецца, што большасць не прыйшла на выбары, то можна сказаць, што байкот адбыўся. А ў нас галасы не лічацца. І колькі б людзей не прыйшло на выбары, афіцыйныя лічбы яўкі будуць зусім іншымі. Ярмошына ўжо фактычна аб’явіла, што прыкладная колькасць удзельнікаў выбараў будзе 67%. Я думаю, што недзе вакол гэтай лічбы будуць выніковыя паказнікі, якія дасць Цэнтрвыбаркам.

У Беларусі немагчымы байкот. Можна гаварыць пра заклікі да няўдзелу ў галасаванні. Іншая справа, як выкарыстаць гэты няўдзел, альбо гэтую пасіўнасць, абыякавасць людзей. Апазіцыя не прапануе пазітыўнай праграмы, нейкі сцэнарый, з дапамогай якога можна было б выкарыстаць незадаволенасць насельніцтва. Гавораць: не хадзіце на выбары. А чалавек пытае: “Ну і што далей, не пойдзем мы, і што? Які будзе вынік, якое паражэнне мы нанясем уладам?” То бок апазіцыя пакуль акрамя голага закліку не хадзіць на выбары не прапанавала нейкага сцэнарыя, як усё гэта выкарыстаць для далейшага змагання за перамогу.

“Стаўленне да выбараў — гэта адно, а ўдзел у галасаванні — зусім іншае”.

Еўрарадыё: У такім выпадку, якой магла б быць альтэрнатыва байкоту?

Валерый Карбалевіч: Я лічу, што варта было б сканцэнтравацца на прэзідэнцкай кампаніі. Сітуацыя спрыяе сёння. Эканамічная сітуацыя хоць і палепшылася, але не настолькі, каб у масавай свядомасці адбыўся пералом на карысць уладаў. І калі апазіцыя здолее кансалідавацца, вылучыць адзінага кандыдата, адзіную стратэгію, адзіны сцэнарый, то яна зможа рэальна пазмагацца за ўладу. І калі б такі сцэнарый быў, то ў яго б добра мог упісацца байкот выбараў 2012 года. Але паколькі яго няма, то сам па сабе байкот разглядаецца як лакальная з’ява, якая не звязаная з нейкімі перспектывамі. У гэтым галоўная хіба, галоўны недахоп тактыкі ўдзелу альбо няўдзелу апазіцыі ў гэтых выбарах. Ні удзел, ні байкот не разглядаюцца як этап на шляху да перамогі ў 2015 годзе. Гэта галоўная праблема.

Еўрарадыё: Вы гаворыце аб тым, што ўлады навучыліся праводзіць выбары так, як ім трэба. У чым гэта праяўляецца?

Валерый Карбалевіч: Адпрацаваныя механізмы і метады правядзення выбарчых кампаній. Пачынаючы з фармавання выбарчых камісій, працягваючы дзеяннямі камісій, адбракоўкай кандыдатаў ад апазіцыі. Гэты механізм вельмі добра адпрацаваны для таго, каб дасягнуць пастаўленай мэты. А яна складаная. Улады хочуць даказаць, што выбары ў нас насамрэч канкурэнтныя, справядлівыя і дэмакратычныя. А з іншага боку, уладам неабходна, каб у Палату прадстаўнікоў трапілі раней вызначаныя кандыдаты. Гэта супярэчлівая задача. І ўладам дасюль удавалася яе вырашыць. Іх прыхільнікі насамрэч лічылі, што выбары ў нас дэмакратычныя. І толькі апошнім часам, пасля эканамічнага крызісу, гэтыя суадносіны змяніліся.

Гэта сведчыць аб тым, што выбары ў Беларусі не з’яўляюцца механізмам легітымізацыі ўлады. Гэтым механізмам з’яўляецца эканамічная сітуацыя. Калі яна добрая, то насельніцтва заплюшчвае вочы на тое, што выбары не зусім справядлівыя. А калі ў эканоміцы праблемы, то насельніцтва ўзгадвае, што з выбарамі таксама нешта не так. Таму вось гэты механізм правядзення выбараў так, каб людзям падавалася, што яны больш-менш нармальныя, з адначасовай нейтралізацыяй кандыдатаў ад апазіцыі, увесь час старанна ствараўся. Падбіраліся людзі, выбіраліся метады, вызначаўся механізм і спосабы дасягнення пастаўленых мэтаў. Вызначалася адлегласць, на якой павінны быць незалежныя назіральнікі, каб нічога не заўважыць, выбіраліся назіральнікі ад праўладных структур. За гэты час улады даволі эфектыўна адпрацавалі механізм.

Еўрарадыё: Ці магчыма тады ў такіх умовах перамагчы на парламенцкіх выбарах?

Валерый Карбалевіч: На парламенцкіх — наўрад ці. А вось на прэзідэнцкіх — ёсць варыянты. Справа ў тым, што гэтая машына працуе датуль, пакуль не з’явілася сітуацыя палітычнага крызісу. Калі адбываецца псіхалагічны пералом у краіне, то гэтая сістэма перастае працаваць. Можам згадаць крах савецкай сістэмы, тады ўсё парушылася і перастала выконваць свае функцыі. Так і тут. Калі ў краіне адбудзецца псіхалагічны пералом, калі апазіцыя зможа навязаць уладам сваю стратэгію, калі прадэманструе моц, калі кандыдат ад апазіцыі за месяц да выбараў будзе мець рэйтынг, суадносны з рэйтынгам кіраўніка краіны, тады можа адбыцца пералом. Наменклатурная вертыкаль, сябры выбарчых камісій, спецслужбы задумаюцца, ці варта парушаць закон для таго, каб Лукашэнка застаўся пры ўладзе. Тады апазіцыя зможа навязваць свой сцэнарый. Але для гэтага трэба, каб яна была адзінай. Патрэбны адзіны кандыдат.

Еўрарадыё: У сувязі з гэтым ці можна меркаваць, што парламенцкія выбары ў вачах беларусаў не маюць амаль ніякага значэння? Асабліва ў параўнанні з прэзідэнцкімі.

Валерый Карбалевіч: Роля парламента ў жыцці беларускага грамадства, у палітычным жыцці Беларусі — мінімальная. Людзі гэта ведаюць і разумеюць. Ніякай інфармацыі аб тым, што парламент нешта там вырашае, — няма. Асабліва ў параўнанні з пачаткам 90-ых гадоў, калі вяліся прамыя трансляцыі з пасяджэнняў. Па другое, людзі бачаць, як адбываюцца выбары. Паводле апошніх дадзеных сацыёлагаў, толькі 37% вераць у тое, што выбары ў нас свабодныя і дэмакратычныя. Плюс — дэпалітызацыя грамадства, плюс тое, што ўладам удалося стварыць псіхалагічную сітуацыю фаталізму — Лукашэнка вечны, змагацца з ім бессэнсоўна, як бы вы ні галасавалі, перамагае той, каго паставяць. Таму людзі не вераць, што праз выбары можна паўплываць на ўладу.

З іншага боку, гэта зусім не азначае, што людзі не пойдуць на выбары. Удзел у галасаванні — гэта прыкмета лаяльнасці. У адваротным выпадку, могуць быць праблемы на працы, могуць выключыць з універсітэта. Асабліва высокая залежнасць людзей у сельскай мясцовасці. Там увогуле непрыход на выбары можна разглядаць як выклік. Таму стаўленне да выбараў — гэта адно. А рэальны ўдзел у галасаванні — зусім іншае. Гэтыя рэчы не стыкуюцца адна з адной.

“Калі выбары будуць дэмакратычнымі, то перад апазіцыяй паўстане праблема”.

Еўрарадыё: Чаму за апошнія гады навучыліся кандыдаты ад улады? Іх стратэгія неяк змяняецца?

Валер Карбалевіч: Нейкіх асаблівых зменаў я не бачу. Выбарчая кампанія праўладных кандыдатаў вядзецца. Нельга сказаць, што яны яе не вядуць. Але неяк фармальна, хутчэй, дзеля таго, каб проста адпрацаваць нумар. Стандартны набор праграм, выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. Калі іх паставіць ва ўмовы рэальнай барацьбы, то яны будуць да яе негатовыя. Яны проста не з’яўляюцца публічнымі палітыкамі. Нават тыя дыскусіі, дэбаты, выступы па тэлебачанні паказалі, што асноўная частка праўладных кандыдатаў — не публічныя палітыкі. Але цяпер ім асабліва турбавацца пра свае пазіцыі не трэба, таму яны не робяць высілкаў.

Еўрарадыё: А што наконт апазіцыі? Як яна змянілася?

Валер Карбалевіч: Найперш я б звярнуў увагу на змены сярод апазіцыйных кандыдатаў. Справа ў тым, што за гэтыя гады аўтарытарнага кіравання Лукашэнкі ўладам удалося выпхнуць апазіцыю ў маргінальны стан. Калі яшчэ ў 90-ыя гады у апазіцыю ішлі людзі, якія мелі за сабой вялікі сацыяльны бэкграунд, якія мелі вялікі сацыяльны статус, то сёння мы бачым, што кандыдаты ад апазіцыі — ці беспрацоўныя, ці маюць невялікую пасаду ў грамадскай арганізацыі, ці зусім маладыя людзі, якія не маюць неабходнага вопыту. Сацыяльны статус апазіцыі значна панізіўся. І гэта праблема не толькі парламенцкіх выбараў. Гэта праблема і прэзідэнцкіх. Калі ўзгадаць сацыяльны статус кандыдатаў у прэзідэнты, то большасьць зь іх не мелі біяграфій, якая магла б спадабацца насельніцтву. Тое самае мы бачым і сёння. Кандыдаты ад улады нават упікаюць сапернікаў тым, што яны беспрацоўныя. Гэта праблема. Вялікая праблема. Яна паўстане перад апазіцыяй і тады, калі выбары стануць дэмакратычнымі.

Яшчэ звярну ўвагу на тое, што сёлета шмат апазіцыйных кандыдатаў не збіралі подпісы. Вылучаліся ад партый і гэта давала больш шансаў быць зарэгістраваным. Апазіцыянерам было лягчэй прайсці. Аднак гэта на месяц выключыла іх з камунікацыі з насельніцтвам. Гэта таксама праблема.

Еўрарадыё: Вы заўважылі, што ў дэмакратычных выбарах кандыдаты ад улады сутыкнуцца з праблемамі. Апазіцыя таксама згубіла сацыяльны статус. Хто ж тады пераможа?

Валерый Карбалевіч: Тут цяжка гаварыць пра перспектыву. Невядома, калі выбары будуць дэмакратычнымі. Невядома, які кантэкст будзе, якая будзе выбарчая сістэма. Калі мажарытарная (якая ў нас сёння), то гэта адна сітуацыя. Калі прапарцыянальная — зусім іншая. За час адсутнасці рэальных выбараў адбылася дэкваліфікацыя усіх кандыдатаў. І праўладных, і апазіцыйных. Людзі развучыліся рэальна змагацца за ўладу, развучыліся рэальна спрабаваць угадаць тое, што думае электарат. Няма сацыялагічных апытанняў, няма структур паліттэхнолагаў. Сістэма правядзення выбараў разбурылася. Гэта ўсё трэба будзе ствараць з нуля.

Еўрарадыё: Якім чынам? Складана ўявіць, што заканадаўча такое магчыма.

Валер Карбалевіч: Як толькі з’явіцца рынак, то адразу будуць і прапановы. У пачатку 90-ых гадоў былі такія структуры, паліттэхнолагі, але потым зніклі. Думаю, усё вернецца адразу пасля таго, як з’явіцца неабходнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі